Палітвязьня Дзяніса Івашына шпіталізавалі
Журналіст Дзяніс Івашын, асуджаны да 13 гадоў да пазбаўленьня волі, пасьля этапаваньня быў шпіталізаваны з высокай тэмпэратурай, паведамляе тэлеграм-канал «Дзяніс Івашын», дзе публікуюцца навіны пра палітвязьня.
Паводле інфармацыі каналу, неўзабаве пасьля прыбыцьця па этапе з Горадні ў магілёўскую калёнію выявілася, што ў Івашына тэмпэратура 39 градусаў. «Карантыну як такога не было, бо ў такім табары Дзяніс, натуральна, адразу патрапіў у шпіталь. Адчуваў сябе вельмі кепска, нават ня мог нам пісаць», — паведамляюць аўтары каналу.
На пачатку студзеня жонка Івашына Вольга расказала, што палітвязень моцна захварэў з прычыны холаду ў карцэры, куды яго на тыдзень адправіла адміністрацыя горадзенскай турмы. Тады журналіст скардзіўся на праблемы з дыханьнем.
Дзяніс Івашын знаходзіцца ў зьняволеньні ўжо амаль 700 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: журналіст Дзяніс Івашын захварэў у карцары, яго перавялі ў карантын. Віктар Бабарыка працуе на «вуглях»8 лютага чакаецца вырак Пачобуту
Паводле інфармацыі ад сваякоў Анджэя Пачобута, ягоны прысуд маюць агучыць у Горадзенскім абласным судзе 8 лютага.
Абвяшчэньне выраку прызначылі на 14:30. Судзьдзя Дзьмітры Бубенчык. Вядомага журналіста і дзеяча польскай меншасьці ў Беларусі судзяць на закрытых пасяджэньнях.
Пасьля неаднаразовых адтэрміновак суд над журналістам і грамадзкім актывістам пачаўся 16 студзеня. Вядома, што палітвязьню прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, але ён адмовіўся.
Анджэй праходзіць фігурантам дзьвюх крымінальных спраў: за «заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (арт. 361 КК) і «распальваньне варожасьці» (арт. 130 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шмат гадоў працаваў у нелегальнай арганізацыі», — дзяржаўныя СМІ з «закрытага суду» над журналістам ПачобутамЛетась 4 кастрычніка Камітэт дзяржбясьпекі дадаў журналіста ў сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 году разам зь іншымі актывістамі польскай нацыянальнай меншасьці, дома адбыўся шматгадзінны ператрус. З таго часу ён за кратамі: спачатку ў сьледчай турме Жодзіна, пасьля — у СІЗА № 1 Менску, ад верасьня 2022-га — у СІЗА Горадні.
Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыў стаць адвакатам, іграў панк-рок. Сем фактаў пра Анджэя Пачобута, якога асудзілі на 8 гадоўМацкевіча зьбіраюцца перавесьці на турэмны рэжым
Месяц таму адміністрацыя шклоўскай калёніі № 17 зьмясьціла Ўладзіміра Мацкевіча ў памяшканьне камэрнага тыпу на тры месяцы. Пры гэтым у пачатку студзеня паведамлялася, што працяглы час у палітвязьня фактычна заблякаваная перапіска і яго пазбавілі тэлефонных размоў.
Цяпер праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 13 лютага ў судзе Шклоўскага раёна адбудзецца суд аб замене Ўладзіміру рэжыму ўтрыманьня і пераводзе яго ў іншую ўстанову. Гэта значыць, што палітвязьня могуць перавесьці на турэмны рэжым.
Мацкевіча абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня філёзафа Мацкевіча зьмясьцілі ў ПКТ на тры месяцы