Некалькі археалягічных помнікаў у Сырыі пашкоджаныя моцнымі землятрусамі, якія скаланулі рэгіён 6 лютага, паведаміла сырыйскае Галоўнае ўпраўленьне старажытнасьцяў і музэяў (DGAM), на яго спасылаецца сайт arabnews.
Цытадэль Алепа ХІІІ стагодзьдзя «пацярпела нязначныя і сярэднія пашкоджаньні, дзе ўпалі часткі асманскіх млыноў, ёсьць расколіны і выпадзеньні частак паўночна-ўсходняй абарончай агароджы. Вялікія часткі купалу мячэці Аюбі таксама ўпалі, уваходы ў замак пашкоджаныя, а каменныя часткі, у тым ліку ўваход у каралеўскую абарончую вежу і пярэдняя частка асманскага прытулку, пашкоджаныя», — гаворыцца ў паведамленьні DGAM.
Стары горад Алепа на паўночным захадзе краіны моцна пашкоджаны падчас грамадзянскай вайны, якая працягваецца ў краіне, але яго зноў адкрылі ў 2018 годзе пасьля рэканструкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магутны землятрус у Турэччыне і Сырыі: вядома пра звыш 5000 ахвяраў. ФОТАDGAM таксама паведамляе аб пашкоджаньнях гістарычных будынкаў і мячэцяў у мухафазе Хама на захадзе цэнтральнай часткі Сырыі, такіх як расколіны ў канструкцыі і абваленыя сьцены ў мячэці імама Ісмаіла і замку Шмеміс.
Замак Аль-Маркаб, фартэцыя крыжакаў каля Баніяса на паўночным захадзе Сырыі, таксама пацярпеў пашкоджаньні, у тым ліку абваліўся блёк адной зь яго круглых вежаў.
«Землятрус таксама прывёў да абвальваньня каменнай сьцяны ў навакольлі замку Кадус і абвальваньня некаторых жылых дамоў, разьмешчаных у кампусе замку», — заявілі ў DGAM.
Экспэрты ўсё яшчэ вывучаюць увесь аб’ём шкоды, нанесенай гістарычным мясьцінам, будынкам і прылеглым гістарычным раёнам.
Яшчэ няма дакладнай інфармацыі аб разбурэньнях у горадзе Хомс.
Землятрус, які абрынуўся на Турэччыну і Сырыю ў панядзелак, часткова разбурыў замак Газіантэп, гістарычнае месца і турыстычную славутасьць.
«Некаторыя з бастыёнаў на ўсходзе, поўдні і паўднёвым усходзе гістарычнага замку Газіантэп у цэнтральным раёне Шахінбей былі разбураны землятрусам, а рэшткі раскіданыя па дарозе», — паведаміла турэцкае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Anadolu.
«Жалезныя парэнчы вакол замку раскіданыя па навакольных ходніках. Абвалілася і падпорная сьцяна побач з замкам. На некаторых бастыёнах назіраліся вялікія расколіны», — гаворыцца ў паведамленьні.
Купал і ўсходняя сьцяна гістарычнага мячэту Шырвані, якая знаходзіцца побач з замкам і, як кажуць, была пабудавана ў 17 стагодзьдзі, часткова абваліліся. Замак быў пабудаваны як вартавая вежа ў рымскі пэрыяд у 2-м і 3-м стагодзьдзях нашай эры.
Ён прыняў сваю цяперашнюю форму падчас праўленьня бізантыйскага імпэратара Юстыніяна (527-565 гг. н. э.), паведаміў афіцыйны сайт музэяў і археалягічных помнікаў краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі могуць ліквідаваць Таварыства аховы помнікаў, заснаванае яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя