Глядзець відэа цалкам
Прапануем фрагмэнты размовы
«Новыя напады ня выключаныя зь беларускай тэрыторыі, таксама як і ня выключаныя ўдары ў адказ»
— Сьвятлана Ціханоўская сёньня раніцай папрасіла беларусаў зрабіць усё, каб «засьцерагчы сябе і блізкіх», у тым ліку знайсьці памяшканьні, у якіх можна схавацца ў выпадку ўдараў з паветра, папоўніць хатнія аптэчкі, запасьціся наяўнымі грашыма, лепей у розных валютах, абмеркаваць зь дзецьмі правілы паводзінаў у стрэсавых сытуацыях і базавую бясьпеку. Чаму гэты зварот зьявіўся сёньня?
— Падрыхтаванымі трэба быць заўжды, бо ваенныя дзеяньні не спыніліся, вайна паміж Расеяй і Ўкраінай працягваецца. Расейскія войскі пастаянна цыркулююць на беларускай тэрыторыі. Гэта значыць, што новыя напады ня выключаныя зь беларускай тэрыторыі, таксама як і ня выключаныя ўдары ў адказ. Людзі прывыкаюць да вайны, ужо не чытаюць навіны, мы бачым спад цікавасьці да падзеяў ва Ўкраіне, людзі супакойваюцца, расслабляюцца. Таму трэба нагадваць, каб памятаць пра гэта, каб былі падрыхтаваныя, таму што 24 лютага 2022 году можа паўтарыцца зноў. І лепш, каб беларусы, каб кожны беларус быў да гэтага гатовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала беларусаў быць падрыхтаванымі да «надзвычайнага здарэньня». У яе офісе патлумачылі, з чым зьвязаны зварот«Пакуль што няма гатоўнасьці з боку заходніх дзяржаў адкрываць гуманітарныя калідоры, але мы гэтыя перамовы вядзём»
— Давайце згадаем тыдні перад 24 лютага год таму. Інфармацыю выведак пра плянаваны наступ Расеі кіраўніцтва Ўкраіны мела, і пазьней некаторыя прадстаўнікі ўлады тлумачылі, што яны палічылі, што ня варта шырока інфармаваць насельніцтва пра магчымасьць нападу, не ствараць сытуацыю панікі, а быць падрыхтаванымі да страшнага дня. У Беларусі абсалютна іншая сытуацыя. Але, тым ня менш, чаму варта быць падрыхтаваным на найгоршага разьвіцьця падзей?
— Мы бачым, што рэжым сьвядома ігнаруе, спрабуе супакойваць насельніцтва і такім чынам стварыць адчуваньне, што ўсё пад кантролем. Людзей не інфармуюць пра бамбасховішчы, не даюць інструкцыі пра тое, што рабіць у выпадку атакаў з паветра. Сытуацыя на вайне заўжды разьвіваецца непрадказальна, нашмат хутчэй, чым многія думаюць. Гэта займае часам ня месяцы, ня тыдні, а дні. Лукашэнка выбраў тактыку поўнага замоўчваньня, адмаўленьня, ваеннага нігілізму. Маўляў, пакуль я тут трымаю сытуацыю пад кантролем, вайны ня будзе. Але мы ведаем, што гэта ня так. Перад вайной 24 лютага мінулага году ён таксама абяцаў з Макеем на пару, што ня будзе ніякага наступу, і мы ведаем, чым гэта ўсё скончылася.
Мы павінны, з аднаго боку, рабіць усё, каб запабегчы гэтай вайне, — працаваць з вайскоўцамі, з намэнклятурай, з тымі, хто прымае рашэньні, каб нават калі такі загад будзе аддадзены, ён ня быў выкананы. З другога боку, трэба падрыхтавацца максымальна, калі такая эскаляцыя адбудзецца.
У чым заключаецца падрыхтоўка? Каб беларусы, грамадзяне былі падрыхтаваныя. Зь іншага боку, каб была магчымасьць людзям выехаць. З гэтым нашмат складаней. Пакуль што няма гатоўнасьці з боку заходніх дзяржаў адкрываць гуманітарныя калідоры, але мы гэтыя перамовы вядзём. Калі сытуацыя будзе эскалявацца, нам трэба быць да гэтага гатовымі і ўратаваць як мага больш жыцьцяў.
— Акрамя спробаў дамагчыся гуманітарнага калідора для беларусаў — як падрыхтаваныя дэмакратычныя сілы, офіс Ціханоўскай, Аб’яднаны кабінэт да непасрэднага ўдзелу беларусаў у вайне, да вайны на тэрыторыі Беларусі?
— Мы зараз працуем над закрытай, непублічнай стратэгіяй, якая ўтрымлівае чатыры кірункі, у тым ліку гуманітарны, інфармацыйны і палітычны. Вакол кожнага з гэтых напрамкаў ідзе праца з рознымі групамі ўнутры краіны, ідзе праца з нашымі заходнімі, з нашымі ўкраінскімі партнэрамі. Як я казаў, гэта недапушчэньне ўдзелу беларускіх вайскоўцаў і дапамога тым беларусам на зямлі, якія працягваюць супраціў. Гэта і інфармацыйнае супрацьстаяньне, супрацьдзеяньне наратывам крамлёўска-лукашэнкаўскай прапаганды.
Пэўныя крокі робяцца як палітычнымі актарамі, так і грамадзянскай супольнасьцю, бо гэтая кампанія ня можа рабіцца толькі Сьвятланай Ціханоўскай ці Кабінэтам. Увесь час у мяне такое адчуваньне, што многія беларусы адчуваюць, што хай гэтыя палітыкі гэтым займаюцца і ўсё вырашаюць. Так не бывае. Гэта справа супольная і дзеяньні супольныя. Калі вы жадаеце далучыцца да гэтых кампаній, да гэтых спраў, вы можаце напісаць у інстытуцыі, якія рэалізоўваюць тую ці іншую частку пляну...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Расея выкарыстоўвае Беларусь як рэсурсава-трэнавальную базу«Сёньня Беларусь выконвае некалькі задачаў у дапамозе расейскай арміі»
— Financial Times са спасылкай на свае крыніцы піша пра тое, што на працягу наступных 10 дзён Расея плянуе пачаць новы маштабны наступ, мэта якога — акупацыя ўсяго Данбасу. Раней міністар абароны Ўкраіны заяўляў, што Кіеў чакае новага наступу Расеі да канца лютага — да гадавіны пачатку вайны. Паводле вашых крыніцаў, паводле ацэнак вайсковых і палітычных аналітыкаў, якім чынам можа быць скарыстаная беларуская тэрыторыя ці беларускае войска ў гэтым наступе, калі ўсё вось так адбудзецца?
— Мы атрымліваем толькі частку той выведкавай інфармацыі, якую маюць украінцы, таму поўнай карціны бачыць ня можам. Але калі гэтая інфармацыя зьяўляецца ў каналах украінскіх узброеных сіл, то, канечне, мы на яе рэагуем.
Сёньня Беларусь выконвае некалькі задачаў у дапамозе расейскай арміі. Гэта трэніроўка і падрыхтоўка мабілізаваных байцоў, што адбываецца на некалькіх вайсковых базах і ў некаторых частках. Гэта рамонт авіятэхнікі і танкавай тэхнікі, гэта пастаўка ўзбраеньня і амуніцыі, браняванай тэхнікі. Яна была масава дастаўленая ў Расею зь беларускай тэрыторыі ў кастрычніку-лістападзе, але пэрыядычна мы бачым зноў пастаўкі асобных адзінак тэхнікі.
Гэта супольныя лётныя вучэньні, абкатка МІГаў, у тым ліку і такіх, якія могуць несьці ракеты «Кінжал». Гэта ўсё праверка, дапамога ў падрыхтоўцы наступу Расейскай Фэдэрацыі на Ўкраіну. Расейцы цяпер адчуваюць востры недахоп у тэхніцы і ў кваліфікаванай жывой сіле, і беларусаў выкарыстоўваюць, з аднаго боку, як палігон для абкаткі і тэставаньня новага абсталяваньня, зь іншага боку — для трэніроўкі байцоў.
Першая партыя байцоў, якую трэніравалі ад пачатку зімы ў беларускіх вайсковых частках і базах, была адразу адпраўленая ў Луганск. Мы бачылі, што яны была недарыхтаваная, недатрэнаваная, многім нават не ўручылі нармальнага рыштунку і проста адправілі як гарматнае мяса ва Ўкраіну.
Нават у расейцаў няма дастаткова выпрацаванай сыстэмы, як рыхтавацца да чарговага вялікага наступу. Я вельмі сумняюся, што гэты наступ будзе эфэктыўны. Гледзячы па апошніх падзеях, па тым, што ўкраінская армія атрымала ад заходніх дзяржаў, калі гэты наступ адбудзецца, то наўрад ці ён скончыцца посьпехам ці нейкім прарывам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея плянуе новы маштабны наступ ва Ўкраіне ў сярэдзіне лютага, — Financial Times