6 лютага Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь генэральным пракурорам Андрэем Шведам, які мае ўзначаліць гэтую камісію, піша БелТА.
Пры гэтым, гаворачы са Шведам аб стварэньні камісіі па вяртаньні, Лукашэнка зноў ужыў слова «зьбеглыя», якім нэгатыўна акрэсьліваюцца беларусы, якія пакінулі краіну апошнім часам з палітычных прычынаў.
«Адно з найважнейшых пытаньняў. Я сёньня падпісаў указ, які падрыхтаваны групай спэцыялістаў на чале з вамі аб разглядзе зваротаў грамадзян Беларусі ў пытаньнях учыненьня імі правапарушэньняў. Гэта якраз тое пытаньне, якое мы абмяркоўвалі напярэдадні. Я паглядзеў і склад [камісіі], і іншае.
Калі мы нешта тут ва ўказе не прадугледзелі, дастаткова ўлады ў генэральнага пракурора для таго, каб задзейнічаць увесь дзяржаўны апарат, дзяржаўных службоўцаў для таго, каб вырашыць гэтую праблему з тымі зьбеглымі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна» расказала пра зьняволеных, якія вярталіся з-за мяжы ў Беларусь. Іх больш за афіцыйныя лічбыГалоўнай задачай Шведа на гэтым этапе Лукашэнка назваў тлумачэньне сутнасьці ўказу насельніцтву.
«І трэба глядзець ня толькі зьбеглых. Хтосьці з-пад плінтуса вылезе — яны ж разумеюць, што мы іх усё роўна знойдзем. Хтосьці зьвернецца ў камісію. Вы ў камісіі ўжо разьберацеся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вярталіся на радзіму, а вярнуліся ў турму». Што чакае ў Беларусі тых «зьбеглых», якія павераць абяцаньням ЛукашэнкіАндрэй Швед патлумачыў, як разумее сутнасьць працы камісіі і яе мэты.
Паводле яго, у дакумэнце ідзе размова ня толькі аб пэрсанальным складзе камісіі, што «на дзьве траціны складаецца з грамадзкасьці», але таксама ў ім вызначаны ўмовы і парадак разгляду зваротаў грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой.
Швед заявіў, што дакумэнт «ахоплівае пэрыяд магчымых правапарушэньняў» з 1 студзеня 2020 па 31 сьнежня 2023 гг. Зьвяртацца ў камісію можна будзе як пісьмова, так і ў электронным выглядзе.
«Таксама ўказаныя тыя рашэньні, якія будуць прымацца камісіяй. Усё адкрыта, зразумела. Прадугледжана адкрытае, свабоднае галасаваньне членаў камісіі па кожным пытаньні», — сказаў Швед.
Па ягоных словах, людзям будуць выдаваць дакумэнт аб тым, што да іх «няма прэтэнзій», або аб зьмененай меры стрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няшчасныя» беларускі, у якіх усё адбіраюць замежнікі. Пра фантазіі прапагандыста ГайдукевічаЗатрыманьні на мяжы
Гэта ня першая спроба сілавікоў заахвоціць людзей вярнуцца — у канцы 2021 года сілавікамі была створаная праграма «Дарога дамоў», якая нібыта «дазваляе тым, хто зьехаў, вярнуцца без наступстваў». Пры гэтым беларусам выстаўляюць пэўныя ўмовы, як яны могуць гэта зрабіць.
Так, напрыклад, зрабіла і 49-гадовая адміністратарка пратэстных чатаў Тацьцяна Курыліна, якую цяпер судзяць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, пры ўезьдзе ў Беларусь у 2022 годзе «за экстрэмізм» затрымалі 52 чалавекі. Але паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», агулам за 2022 год і пачатак 2023 года было затрымана прынамсі 58 беларусаў.
Зь іх мінімум 10 чалавек былі асуджаныя да пазбаўленьня волі тэрмінам ад аднаго да пяці гадоў калёніі, чатыры чалавекі — да «хатняй хіміі», а супраць яшчэ сямі распачалі крымінальныя справы. Некаторых з затрыманых судзілі паводле адміністрацыйных справаў і зьмяшчалі ў ізалятар на «содні», або адпускалі дадому з велізарным штрафам пасьля суду.
Часьцей за ўсё затрымліваюць па вяртаньні з Польшы або Літвы, таксама вядома пра затрыманьні пасьля прыезду з Украіны, Латвіі, Грузіі і Расеі. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах, або прыходзяць па іх ужо дадому.
Звычайна людзей перасьледуюць за камэнтары ў сацыяльных сетках або ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Але адразу затрыманых могуць кідаць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў за «экстрэмісцкія» рэпосты або фота з бел-чырвона-белай сымболікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках. Праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі падставай для перасьледу зьяўляўся нават удзел у акцыях салідарнасьці за мяжой.
Прычыны для вяртаньня ва ўсіх розныя: некаторыя вяртаюцца, каб зрабіць пашпарт або візу, хтосьці едзе на лячэньне або наведаць блізкіх, а некаторыя на пахаваньне сваякоў.