Па выніках 2022 году сярэдняя заработная плата ў сфэры культуры склала 967 рублёў, заявіў у эфіры СТВ міністар культуры Анатоль Маркевіч.
Ён адзначыў павелічэньне надбаўкі да акладу для культурна-асьветніцкіх устаноў: у студзені 2021 году яна склала 7% акладу, у студзені 2022-га — 16%, у кастрычніку — 23%.
«Плюс, паводле рашэньня калегіі, у нас штогод неабходна, каб кожная ўстанова за кошт пазабюджэтных рэсурсаў накіроўвала ня менш як 9% на павелічэньне заработнай платы, гэта значыць на стымулюючыя выплаты», — заявіў міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы часьцей зарабляюць менш за 400 рублёў у месяц, чым больш за 5000. Белстат пра заробкіЛетась сярэдні заробак у краіне, паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, склаўся на ўзроўні 1630,9 рубля. Такім чынам, заробак работнікаў культуры склаў 59% ад сярэдняга. У 2021 годзе гэты паказчык быў роўны 55%.
Па словах Маркевіча, у 2023 годзе плянуецца выйсьці на сярэдні заробак 1100 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат: рэальнае беспрацоўе ў чацьвёртым квартале 2022 вырасла да 3,6%