«Хапун» у Лепелі: ператрусы, затрыманьні, прафіляктычныя гутаркі і суды
У Лепелі супрацоўнікі ГУБАЗіК разам з АМАПам наведаліся дадому сама меней да 6 чалавек, паведамляе «Віцебская Вясна». У некаторых правялі ператрусы. Частку людзей даставілі ў мясцовы РАУС, зь імі правялі прафіляктычныя гутаркі. Але, як пішуць сілавікі ў сваім Тэлеграм-канале, дадому вярнуліся ў той дзень ня ўсе, камусьці давялося застацца ў Лепельскім ІЧУ, на іх завялі адміністрацыйныя справы.
Як стала вядома, адправілі на «суткі», а пасьля прыцягнулі да адказнасьці і маладога чалавека з інваліднасьцю. Лепельскі суд аштрафаваў яго на 720 беларускіх рублёў нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Яго маці на суд не пусьцілі, сказалі, што суд будзе на наступны дзень, але суд адбыўся ў той жа дзень. Такая практыка ў судзе стала ўжо даволі частай, адзначаюць праваабаронцы: так падманвалі родных і ў іншых раённых судах Віцебскай вобласьці.
Паводле родных аштрафаванага, малады чалавек ні ў якіх акцыях ня ўдзельнічаў, ня посьціў і ня лайкаў навіны з так званых «экстрэмісцкіх каналаў». Ён проста выказаўся ў сваім сяброўскім асяродку супраць вайны, якую разьвязала Расея ва Ўкраіне і якую падтрымліваюць улады Беларусі.
Журналіста Паўла Падабеда перавялі на «Валадарку»
Пасьля 15-суткавага арышту, які скончыўся 4 лютага, відэаапэратар Павал Падабед ня выйшаў на волю, піша БАЖ.
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, яго перавялі ў СІЗА № 1 Менску і завялі крымінальную справу.
Да таго Паўла Падабеда ўтрымлівалі ў СІЗА Менскага раёну, абвінаваціўшы ў распаўсюдзе (рэпосьце) «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Аднак напярэдадні дня меркаванага вызваленьня яго перавезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна, дзе правялі допыт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас апошняй аблавы ў Фаніпалі затрымалі каля 20 чалавек, —праваабаронцыБард Андрэй Мельнікаў выйшаў на волю
Ён адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту ў ізалятары Менскага раёну на вуліцы Скарыны ў Менску.
Андрэя Мельнікава затрымалі, калі ён прыйшоў па выкліку да ўчастковага. На барда склалі пратакол за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі».
Чарнавуса-малодшага пакінулі пад вартай
Баранавіцкі актывіст Мікалай Чарнавус-малодшы ня выйшаў на волю па заканчэньні 72 гадзінаў, піша «Вясна».
Суду паводле адміністрацыйнага пратаколу ў пятніцу не адбылося. Ці затрыманы ён у межах крымінальнай справы — невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хрысьціянская візія»: Мітрапаліт Веньямін датычны да крымінальнага перасьледу дзьвюх 15-гадовых мянчанак