Больш за 50 беларускіх спартоўцаў і дзеячоў спорту выступілі з супольным зваротам да Міжнароднага Алімпійскага камітэту (МАК).
У звароце згадваецца заява МАК ад 25 сьнежня пра магчымы ўдзел спартоўцаў з Расеі і Беларусі ў Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы, калі гэтыя спартоўцы не выказвалі актыўнай падтрымкі вайны ва Ўкраіне. Такім чынам, тыя спартоўцы, якія ніяк ня выступілі супраць рэжымаў і вайны, маглі б паўдзельнічаць у спаборніцтвах у нэўтральным статусе.
З гэтай нагоды ў сьвеце пачалася дыскусія. Да яе далучыўся і Беларускі фонд спартыўнай салідарнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі спартоўцы з актыўнай антываеннай пазыцыяй могуць удзельнічаць у Алімпіядзе» — Аляксандар АпейкінАўтары звароту лічаць, што да алімпійскіх спаборніцтваў пад нэўтральным сьцягам могуць быць дапушчаныя толькі тыя беларускія і расейскія спартоўцы, якія выразна асудзілі вайну.
Зварот падпісалі больш за 50 беларускіх спартоўцаў і дзеячоў спорту, але зь меркаваньняў бясьпекі іх прозьвішчы не агучваюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША падтрымліваюць удзел расейцаў і беларусаў у Алімпіядзе ў якасьці «нэўтральных спартоўцаў» — Белы домСпрэчкі вакол заявы МАК
На мінулым тыдні Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў, што гатовы ўключыць расейскіх і беларускіх спартоўцаў у сьпіс удзельнікаў Алімпіяды пры ўмове выкарыстаньня нэўтральнага сьцяга, і даў ім шанец для ўдзелу ў кваліфікацыйных спаборніцтвах. Гэта прымусіла Кіеў пачаць міжнародную кампанію, каб не дапусьціць удзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе-2024.
Украіна спадзяецца заручыцца шырокай міжнароднай падтрымкай поўнай забароны на ўдзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе за ваенную агрэсію, заявіў міністар спорту Ўкраіны.
Міністар спорту Ўкраіны Вадзім Гутцайт у інтэрвію Reuters заявіў аб непрымальнасьці ідэі магчымага ўдзелу расейскіх і беларускіх спартоўцаў у Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у 2024 годзе ў Парыжы.
Вадзім Гутцайт, былы алімпійскі чэмпіён у фэхтаваньні, заявіў, што ідэя дазволіць расейскім і беларускім спартоўцам выступаць на Алімпіядзе нават пад нэўтральным сьцягам непрымальная.
«Гэта немагчыма для нас у той час, калі ідзе поўнамаштабная вайна, калі нашы спартоўцы, нашы салдаты абараняюць нашу Радзіму», — сказаў ён.
Масква заявіла 31 студзеня, што будзе вітаць любыя крокі МАК, якія дазваляюць расейцам удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Але празь некалькі гадзін МАК заявіў, што падтрымлівае санкцыі, уведзеныя супраць Масквы і Менску ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны.
«Санкцыі супраць расейскай і беларускай дзяржаў і іх урадаў не падлягаюць абмеркаваньню. Яны былі аднагалосна пацьверджаныя на нядаўнім Алімпійскім саміце 9 сьнежня 2022 году», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у твітэры МАК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намер МАК дазволіць расейцам і беларусам рыхтавацца да Алімпіяды-2024 выклікаў спрэчкі. Што гавораць зацікаўленыя бакіСанкцыі ўключаюць забарону запрашаць расейскіх і беларускіх чыноўнікаў на міжнародныя спартовыя мерапрыемствы, а таксама забарону праводзіць міжнародныя спаборніцтвы ў абедзьвюх краінах.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што «расейская палітызацыя спорту нязьменна будзе азначаць апраўданьне тэрору».
Па словах Вадзіма Гутцайта, на вайне загінулі сама меней 220 украінскіх спартоўцаў і трэнэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад белай плямай замест нацыянальнага сьцяга. Пра спорт у краіне, дзе пануе дыктатура