Шольц: Будзем пазьбягаць эскаляцыі, якая можа прывесьці да вайны РФ і NATO

Оляф Шольц

Канцлер ФРН Оляф Шольц на сустрэчы з грамадзянамі ў Марбургу назваў вайну ва Ўкраіне «даўно задуманым плянам для сілавога пашырэньня тэрыторыі Расеі».

Нямеччына будзе прыкладаць усе намаганьні, каб пазьбегнуць эскаляцыі, якая прывядзе да вайны паміж Расеяй і NATO. Такую заяву зрабіў канцлер ФРН Оляф Шольц 2 лютага, падчас сустрэчы з гасьцямі мерапрыемства «Грамадзянскі дыялёг» у Марбургу, піша DW.

«Вайна паміж NATO і Расеяй была б жахлівай падзеяй, — дадаў кіраўнік нямецкага ўраду. — Мы нясем адказнасьць за тое, каб такой эскаляцыі не адбылося».

Раней у той жа дзень, 2 лютага, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, камэнтуючы падчас памятных мерапрыемстваў з нагоды 80-годзьдзя Сталінградзкай бітвы рашэньне Бэрліна паставіць Украіне баявыя танкі Leopard 2 і дазволіць такія пастаўкі іншым краінам, сказаў: «Нам ёсьць чым адказаць, і ўжываньнем бранятэхнікі справа ня скончыцца».

«Неверагодна, але факт: нам зноў пагражаюць нямецкімі танкамі «Леапард», — дадаў Пуцін.

Пазьней яго прэс-сакратар Дзьмітрый Пяскоў растлумачыў журналістам, што меў на ўвазе прэзыдэнт РФ:

«У Расеі глыбокі патэнцыял. Па меры таго, як зьяўляюцца пастаўленыя калектыўным Захадам новыя ўзбраеньні, Расея будзе задзейнічаць больш поўны наяўны ў яе патэнцыял для таго, каб адказаць у ходзе СВА».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Нямеччыны дазволіў перадаць Ўкраіне танкі Leopard 2

Першага лютага нямецкія тэлеканалы RTL і ntv апублікавалі дадзеныя апытаньня, праведзенага па іх замове сацыялягічным інстытутам Forsa. 72% яго ўдзельнікаў выказалі занепакоенасьць, што вайна ва Ўкраіне можа пашырыцца за яе тэрыторыю.

Многія рэспандэнты асьцерагаюцца таксама пагаршэньні ў сувязі з вайной эканамічных умоў у Нямеччыне (62%) або фінансавага становішча ўласнай сям’і (40%). 34% апытаных баяцца, што Нямеччына таксама можа зазанаць уварваньне з боку Расеі.

У той жа час паводле апытаньня інстытуту Infratest dimap, лёс краіны, якая зьведала агрэсію, турбуе жыхароў Нямеччыны больш, чым магчымае пагаршэньне ўласнага эканамічнага становішча. У прыватнасьці, трывогу за жыццё ўкраінцаў ва ўмовах вайны адчуваюць 82% апытаных, а пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў ФРН з прычыны вайны асьцерагаюцца 68%. Прычым гэтая доля ў параўнаньні з красавіцкім апытаньнем 2022 году зьнізілася на 12 працэнтных пунктаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік кіраўніка МЗС Украіны на фоне паставак танкаў Leopard 2 заклікаў Нямеччыну даць яшчэ зьнішчальнікі і караблі