Эўразьвяз плянуе з 2026 году перайсьці на лічбавыя шэнгенскія візы — адпаведную прапанову Эўракамісіі прыняў Эўрапарлямент, паведамляе Shengenvisa News.
Сярод іншага падарожнікі змогуць падаваць дакумэнты на візу онлайн, а налепкі ў пашпарце заменяць лічбавымі дадзенымі.
Эўрапарлямэнт 31 студзеня падтрымаў законапраект славенскага дэпутата Мацьяжа Нямеца аб поўным аблічбоўваньні шэнгенскіх візаў. Яго ініцыятыва прадугледжвае стварэньне адзінай онлайн-плятформы для падачы заяў і замену візавай папяровай налепкі ў пашпарце на лічбавыя дадзеныя.
Дэпутат растлумачыў, што лічбавізацыя візавых працэдур зробіць падачу дакумэнтаў больш простай і зручнай для заяўнікаў, а з другога боку, зьнізіць рызыкі падробкі і махлярства, зьвязаныя зь фізычнымі візамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адна краіна пачала выдаваць беларусам шэнгенскія візыМяркуецца, што ў большасьці выпадкаў заяўніку давядзецца толькі адзін раз асабіста зьявіцца ў кансулят або візавы цэнтар для збору біямэтрычных дадзеных і праверкі дакумэнтаў. Падача анкет будзе ажыцьцяўляцца на адзінай онлайн-платформе, якая дазволіць заяўнікам даведацца, якая краіна атрымае іх запыт.
Ухаліўшы законапраект у цэлым, дэпутаты Эўрапарлямэнту прапанавалі яго дапрацаваць — перш за ўсё, зрабіць будучую візавую плятформу максымальна мультымоўнай, а таксама распрацаваць зразумелы альгарытм для тых, хто ня мае высокай лічбавай адукаванасьці.
Акрамя таго, заяўкі, пададзеныя з аднаго IP-адрасу, не павінны блякавацца, бо ў некаторых рэгіёнах могуць быць праблемы са стабільным доступам у інтэрнэт.
Цяпер чакаецца, што Эўрапарлямэнт абʼявіць аб міжведамасных перамовах у гэтым пытаньні, а потым пачнецца паступовы пераход да новаўвядзеньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На ўсю сям’ю заплацілі 500 даляраў». Як беларусы цяпер атрымліваюць візы