Сярод асоб, зь якімі зроблены адукацыйныя інтэрвію, праваабаронца і грамадзкая актывістка Тацяна Гацура-Яворская, эканаміст Сяргей Чалы, лідэрка ініцыятывы «Сумленныя людзі» Алена Жываглод, палітычны аналітык Арцём Шрайбман, былы старшыня ЦВК Малдовы Юры Чакан.
Па выніках курсу слухачы змогуць прайсьці тэст і атрымаць «бясьпечны і ананімны сэртыфікат». Далучыцца да курсаў можна праз сайт vybar.org.
Спэцыяльны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па выбарах, адзін з аўтараў курсу ініцыятывы «Справа выбару» Аляксандар Шлык адказаў на пытаньні Свабоды пра новы курс.
— Як доўга распрацоўваўся адукацыйны курс і калі прыйшла ідэя яго стварыць?
— Гэты курс мы распрацоўвалі каля чатырох месяцаў. Вельмі шмат часу пайшло на тое, каб зрабіць добры кантэнт і тэхнічнае рашэньне. Яшчэ 4-5 месяцаў пайшло на тое, каб яго распрацаваць. Але за гэтым курсам стаіць шматгадовы досьвед некалькіх аўтарытэтных экспэртаў у палітыцы, назіраньні за выбарамі, міжнароднай дапамозе ў галіне выбараў.
Ідэя стварыць курс ідзе ад таго, што я і мае калегі назіраем за тым, што адбываецца, і ў нас зьявілася думка, што ў Беларусі захоўваецца вялікая схільнасьць да папулізму. Мы памятаем пачатак 90-х гадоў і тое, якую ролю пры першых выбарах адыграў папулізм. Часта можа быць сытуацыя, калі людзі хочуць дэмакратыі, але не зусім разумеюць, як яна будуецца, што дзеля гэтага трэба. І гэта адчыняе дзьверы нездароваму папулізму. А значыць, захоўваецца рызыка таго, што мы прыйдзем усе з добрымі намерамі, але рознымі ўяўленьнямі, і тады пабудуем ня тое, што хацелі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спадзяюся, ён усьвядоміць волю беларускага народу». Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША пра саўдзел Лукашэнкі ў вайне і дыялёг з рэжымамКанкрэтны прыклад — вяршэнства права. Мы закранем гэтую тэму ў курсе. Людзі рэдка размаўляюць аб гэтай канцэпцыі, але ж яна ляжыць у падмурку дэмакратычнага ладу. Законы павінны пісаць, выконваць і кантраляваць паводле гэтага прынцыпу. Прынцып «часам не да законаў» супярэчыць канцэпцыі пабудовы якаснай і ўстойлівай дэмакратыі.
Другая ідэя ў падмурку стварэньня курсу — падрыхтоўка людзей. Мы глядзім па бакох і заўважаем, як нашы суседзі шмат інвэстуюць у падрыхтоўку тых, хто будзе ўдзельнічаць у выбарах, уваходзіць у выбарчыя камісіі. Напрыклад, у Малдове ёсьць цэнтар падрыхтоўкі кадраў для выбараў. Гэта адыграла значную ролю ў тым, што выбары ў гэтай краіне за апошнія дзесяць гадоў якасна зьмяніліся. Таму наш курс стане падмуркам для будучага цэнтру падрыхтоўкі кадраў, у тым ліку выбарнікаў.
— Наколькі актуальным вы лічыце цяперашні курс з улікам таго, што ў Беларусі празрыстых выбараў няма і пакуль не прадбачыцца?
— Я лічу распрацаваны намі курс вельмі актуальным для цяперашняй Беларусі. Ці празрыстасьць мусіць быць адзіным крытэрам ацэнкі выбараў? У другім модулі мы якраз абмяркоўваем базавыя канцэпцыі і стандарты дэмакратычных выбараў. Пасьля навучаньня людзі змогуць скласьці ўласнае ўражаньне пра выбарчы працэс на падставе ведаў, а ня чыста інтуітыўна. Змогуць больш дэталёва выбары разабраць, паводле шэрагу крытэраў, а ня толькі паводле чыньніку, празрыстыя яны ці не.
Датычна актуальнасьці гэтага курсу я хачу падкрэсьліць, што, каб збудаваць, а затым захаваць дэмакратыю ў нашай краіне, неабходна яе зразумець. Таму выпускнікі курсаў будуць ведаць, што такое дэмакратыя, якой яна бывае і што неабходна зрабіць дзеля пабудовы стабільнага дэмакратычнага ладу ў Беларусі, калі ў нас зьявіцца шанец на пераўтварэньні.
Людзі часта кажуць: «Мы хочам жыць у парлямэнцкай рэспубліцы». Але што гэта значыць? Трэба разабрацца, ці будзе тады ў нас наогул прэзыдэнт, і калі так, якія паўнамоцтвы ён будзе мець. Усе пытаньні трэба абмяркоўваць, простага адказу няма. Ва ўсім ёсьць свае плюсы і мінусы. У той жа выбарчай сыстэме яны свае і ў прапарцыйнай, і ў мажарытарнай. Гэтаму прысьвечаны яшчэ адзін з модуляў курсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціханоўская прасіла даць у СМІ, што яна здымаецца з выбараў. Я адмовіўся». Вялікая гутарка з былым палітвязьнем і блогерам Кабанавым— Ці ёсьць абмежаваньне колькасьці слухачоў? Як будуць праходзіць заняткі?
— Абмежаваньняў на колькасьць няма, кожны можа прыйсьці і пачаць навучаньне зь любога модулю. Але я бы параіў прайсьці ўсе, ад першага па пяты. Некаторыя тэмы «перагукаюцца», у розных модулях закранаюцца з розных бакоў. На курсах няма ніякіх групаў ці заняткаў. Кожны модуль структураваны: відэалекцыя, матэрыялы для чытаньня, у тым ліку цікавыя факты, інтэрвію зь цікавым суразмоўцам і так званыя «кейс-стадзі» — параўнаньні зь іншымі дзяржавамі. Напрыклад, будзе Францыя, якая мае канстытуцыйную сыстэму, падобную да той, якая існавала ў Беларусі на пачатку 90-х, але працуе па-іншаму. Рымская імпэрыя, дзе сэнатарам хацелі прызначыць каня ў Сэнат (ідзе разбор, у чым асноўная праблема: у тым, што конь, ці ў тым, што імпэратар хацеў яго прызначыць, а ня выбраць?).
Вучэбныя матэрыялы можна спампаваць. Пад параўнаньнямі можна пакінуць свае камэнтары, якія мы разьбяром асобна. Можна будзе прайсьці квіз, як вы засвоілі матэрыял.
— «Бясьпечны і ананімны сэртыфікат» — гэта азначае, што слухач курсаў захавае права заявіць аб праходжаньні курсаў у «зручны момант», калі ў Беларусі ня будзе цяперашняга палітычнага ладу?
— У канцы модуляў слухачоў чакае вялікі і складаны квіз з 10 пытаньняў, які можна прайсьці і атрымаць сэртыфікат. Тры памылкі адправяць на пачатак праходжаньня квізу. На гэты момант сэртыфікат — код, то бок унікальная пасьлядоўнасьць лічбаў і літараў. Ён не ідэнтыфікуе чалавека як удзельніка курсаў.
Але для тых, хто хоча, прадугледзелі магчымасьць абмену сэртыфікату з кодам на сэртыфікат са сваім імём. Зразумела, з пытаньняў бясьпекі ці зь іншых прычын ня кожны захоча мець такі. Рэгістрацыя не патрабуе нідзе пазначаць сваё сапраўднае імя, а пачаць, як я сказаў, можна зь любога модулю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект, які прадугледжвае перарэгістрацыю партый