«Я адчуваю глыбокую еднасьць з героямі тых часоў і думаю, што пачуцьці беларусаў зараз вельмі сугучныя з пачуцьцямі ўдзельнікаў паўстаньня 1863-1864 гг. Цыклы гісторыі паўтараюцца, але разуменьне таго, што ў кожнай эпосе жывуць людзі, якімі варта ганарыцца, памяць пра якіх надае нам моц і натхненьне — гэта вельмі цешыць і дорыць надзею на будучыню», — напісала Кацярына Ваданосава ў фэйсбуку.
Яна адзначыла, што вальс «1863» быў створаны некалькі гадоў таму і нідзе не выконваўся — чакаў свайго моманту.
«Я захацела „адпусьціць“ гэты вальс, даць яму жыцьцё, і зрабіць гэта менавіта ў дзень, калі нарадзіўся чалавек, які натхніў мяне на гэтую музыку», — расказала аўтарка аб прэм’еры.
«Мы запісаліся ледзьве ня зь першага дубля. Напачатку я думала, што мы проста запішам відэа „ўжывую“ на тэлефон, і я выкладу твор на сваіх старонках у сацсетках. Але мае сябры — Ігар Палынскі ды Васіль Шэры — прапанавалі зрабіць штосьці больш цікавае. У Васіля ёсьць гістарычны строй, які ён шыў сваімі рукамі, у мяне таксама, у Ігара — добры тэлефон ды мікрафон для запісу гуку... І вось літаральна за некалькі дзён мы зрабілі калі не паўнавартасны кліп, то хаця б відэашэраг, які адлюстроўвае настрой, закладзены мною ў музыку», — напісала Ваданосава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас няма іншага варыянту, акрамя як выжыць». Гутарка з сьпявачкай Кацярынай Ваданосавай, якая змагаецца з ракамЯна расказала, што сам працэс здымкаў заняў усяго некалькі гадзін, і рабіліся яны на Падляшшы, недалёка ад Мастаўлянаў, вёскі, дзе нарадзіўся Каліноўскі.
«Важным героям гісторыі стаў і дуб „Дунін“, велізарнае 600-гадовае дрэва, якое ў 2022 годзе прызналі дрэвам Эўропы і якое, напэўна, памятае паўстанцаў.
Больш за паўтары сотні гадоў таму людзі ішлі на бой, на змаганьне, часам на сьмерць. Сёстры, жонкі, нявесты, маці паўстанцаў насілі жалобу як знак супраціву, як выказваньне нязгоды з палітыкай імпэрыі, і гэта таксама было формай змаганьня, за якое можна было пазбавіцца маёмасьці, свабоды, будучыні. Мара пра волю была самай высокай, узьнёслай, сьветлай і адначасова цяжкай з усіх мар, але менавіта яна рабіла са звычайных людзей герояў.
Тое ж адбываецца і зараз. І я адчуваю глыбокую еднасьць са сваімі продкамі, з тымі, хто біўся за свабоду. Я веру, што пра нашае паўстаньне, пра наш супраціў таксама калі-небудзь будуць складаць музыку, вершы ды песьні», — напісала аўтарка.
- Музыка: Кацярына Ваданосава
- Фартэпіяна: Кацярына Ваданосава
- Скрыпка: Стафанія Ваданосава
- У ролі паўстанца: Enrique de Salvaje
- Камэра, мантаж, гуказапіс: Ігар Палынскі
- Рэжысура: Ігар Палынскі, Кацярына Ваданосава