Іран абвінаваціў Ізраіль у атацы бесьпілётнікам па вайсковым заводзе ў горадзе Ісфахан у цэнтральнай частцы краіны і паабяцаў прыняць меры ў адказ, паведаміла 2 лютага інфармацыйнае агенцтва ISNA.
У лісьце да кіраўніка ААН прадстаўнік Ірану ў арганізацыі Амір Саід Іравані паведаміў, што папярэдняе расьсьледаваньне паказала, што Ізраіль нясе адказнасьць за напад, які адбыўся ўвечары 28 студзеня.
«Іран захоўвае сваё законнае і неад’емнае права абараняць сваю нацыянальную бясьпеку і цьвёрда рэагаваць на любую пагрозу або правапарушэньне з боку сіянісцкага рэжыму (Ізраіля), дзе і калі ён палічыць неабходным», — цытуе Reuters ліст Іравані.
Атака адбылася на фоне напружанасьці паміж Іранам і Захадам празь ядзерную дзейнасьць Тэгерана і пастаўкі ім зброі ў Расею, у тым ліку бесьпілётнікаў-камікадзэ далёкага дзеяньня для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
Паводле Тэгерана, удар не прывёў да ахвяр і сурʼёзных разбурэньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бесьпілётнікі атакавалі цэнтар вытворчасьці дронаў у ІранеІзраіль даўно заяўляе, што гатовы нанесьці ўдары па іранскіх цэлях, калі дыпляматыя ня зможа спыніць ядзерную або ракетную праграмы Тэгерана, але не камэнтуе канкрэтных інцыдэнтаў.
Па зьвестках Каралеўскага абʼяднанага дасьледчага інстытута абароны (RUSI), каля Ісфагана знаходзіцца Shahed Aviation Industries, які вырабляе бесьпілётнікі-камікадзэ Shahed, з дапамогай якіх Расея, у прыватнасьці, атакуе Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Ірану прызналі «невялікую шкоду» пры нападзе на вайсковы завод