Сумесныя з Расеяй лётна-тактычныя вучэньні «пацьвярджаюць курс Беларусі на ўмацаваньне міжнароднай бясьпекі і дэманструюць рашучасьць рэгіянальнай групоўкі войскаў па абароне рубяжоў саюзнай дзяржавы», заявіў 31 студзеня дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч.
Ён заявіў пра ўзмоцненую мілітарызацыю заходніх і паўночных суседзяў.
«Групоўка NATO ва Ўсходняй Эўропе налічвае каля 34 тысяч вайскоўцаў. Авіяцыйная групоўка ЗША і краін альянсу ў Эўрапейскай зоне складае больш за 2200 баявых самалётаў, у тым ліку ў Польшчы і краінах Балтыі — больш за 140. Растуць маштабы мерапрыемстваў апэратыўнай і баявой падрыхтоўкі. У паветранай прасторы сумежных эўрапейскіх дзяржаў працягваюцца выведвальныя палёты. Маюць месца рознага роду правакацыі. Высокімі тэмпамі ідзе мілітарызацыя суседніх краін».
Вальфовіч назіраў за баявымі трэніроўкамі авіяцыі на Ружанскім палігоне (разьмяшчаецца ў Пружанскім, Івацэвіцкім і Бярозаўскім раёнах Берасьцейскай вобласьці) недалёка ад Польшчы і Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія памежнікі абвінавацілі ўкраінскі бок у крадзяжы памежнага знаку31 студзеня Мінабароны аб’явіла аб пачатку «штабной трэніроўкі аб’яднанага камандаваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў». Беларускія і расейскія вайскоўцы на працягу тыдня будуць адпрацоўваць «сумеснае плянаваньне прымяненьня войскаў на аснове досьведу ўзброеных канфліктаў».
Рэгіянальная групоўка войскаў фармуецца з кастрычніка мінулага году, але яе дакладную колькасьць не агучвалі.
Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачынаецца тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў»