Таксама Апейкін заклікае МАК абараніць правы беларускіх атлетаў, якія выступілі супраць гвалту, за каштоўнасьці Алімпійскай хартыі.
Сьцісла:
- Нейкіх канкрэтных выказваньняў Сабаленкі ў падтрымку беларускай улады не было.
- Спорт — гэта сур’ёзны інструмэнт прапаганды «посьпехаў» для дыктатарскіх рэжымаў.
- МАК павінен абараніць тых беларускіх спартоўцаў, якія з прычыны сваёй грамадзянскай пазыцыі апынуліся па-за кар’ерай, былі пазбаўленыя прафэсійных і нават грамадзянскіх правоў.
- У выпадку актыўнай антываеннай пазыцыі спартоўца зь Беларусі і Расеі, я думаю, ён можа браць удзел у Алімпіядзе.
- Мы пакуль ня бачым магчымасьці ўдзелу афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў Алімпіядзе, бо гэтая дэлегацыя не прадстаўляе Беларусь і ўсіх беларускіх спартоўцаў, яна прадстаўляе беларускі рэжым.
— Перамога беларускай тэнісісткі Арыны Сабаленкі на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі спарадзіла актыўныя дыскусіі ў СМІ і сацыяльных сетках на тэму, ці варта беларусам ганарыцца перамогамі тых спартоўцаў, якія не асудзілі гвалт, ня выказаліся супраць рэпрэсій, альбо нават адкрыта падтрымліваюць цяперашні менскі рэжым. І меркаваньні тут, як заўсёды, падзяліліся. Якое ваша стаўленьне да гэтага?
— Па-першае, я думаю, нельга ўспрымаць перамогу Сабаленкі як дасягненьне Беларусі, бо яна выступала на гэтым турніры як фізычная асоба, пад нэўтральным сьцягам. Беларусы дыяспары часам зьвярталіся ў наш Фонд спартовай салідарнасьці, каб мы патрабавалі ўвесьці санкцыі супраць некаторых спартоўцаў, якіх яны лічаць «праўладнымі» альбо якія не выказваліся актыўна супраць вайны.
Што тычыцца пазыцыі Сабаленкі, то, на маю думку, гэта маладая спартоўка, якая, магчыма, на сёньня ня вельмі задумваецца пра некаторыя рэчы і, магчыма, празь нейкі час пераасэнсуе свае погляды. Я б сказаў, што ў яе нейкіх канкрэтных выказваньняў у падтрымку беларускай улады не было насамрэч — тут больш грамадзкая думка за яе «дадумала».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК адхіліў крытыку Ўкраіны за намер дазволіць расейцам і беларусам удзельнічаць у Алімпіядзе— Лукашэнка ўзяў чарку за перамогу Сабаленкі, і гэта актыўна абсмоктвалася ў прапагандзе. Чаму недэмакратычным рэжымам — ад СССР да Кубы і Кітаю — заўсёды гэтак важныя спартовыя перамогі?
— Зразумела, што спорт — гэта сур’ёзны інструмэнт прапаганды посьпехаў для такіх рэжымаў. Мы бачым, як у прапагандзе ідзе шырокае «сьвяткаваньне» перамогі Сабаленкі, якая сама пры гэтым жыве ў Маямі ў ЗША і ехаць у Беларусь адзначаць сваю перамогу не зьбіраецца. Увогуле, заўсёды посьпехі ў спорце падаваліся гэтым рэжымам як перамогі сыстэмы і самога Лукашэнкі. Для гэтага спорт і патрэбны дыктатарскім рэжымам, каб дэманстраваць посьпехі хоць у нечым, паказваць, што дыктатура мае свае перавагі.
— Зараз разгараецца дыскусія з удзелам украінскіх палітыкаў, Міжнароднага Алімпійскага камітэту (МАК) наконт тых умоваў, пры якіх беларускія і расейскія спартоўцы могуць выступіць на Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у 2024 годзе ў Парыжы. Якая пазыцыя Фонду ў гэтым пытаньні?
— З боку Фонду спартовай салідарнасьці выпрацаваныя крытэры, якія мы прапанавалі міжнародным арганізацыям. Гэта не дэкляратыўныя патрабаваньні, гэта пункты, распрацаваныя зь юрыдычнага гледзішча. Гэтыя крытэры ўжо даволі пасьпяхова дзейнічаюць у Польшчы, дзе мы стварылі добрую сыстэму ў супрацоўніцтве зь Міністэрствам спорту Польшчы і Нацыянальным Алімпійскім камітэтам.
Тут галоўны пункт — гэта актыўная антываенная пазыцыя спартоўца, што цалкам супадае з прынцыпамі Алімпійскай хартыі. МАК дэкляраваў забарону на ўдзел у спаборніцтвах спартоўцаў, якія актыўна падтрымалі вайну. Але такіх вельмі мала, у Беларусі гэта адзінкі. На нашу думку, галоўным чыньнікам павінна стаць актыўная антываенная пазыцыя чалавека, які ўдзельнічае ў такім міжнародным спаборніцтве, як Алімпіяда. Яе ўдзельнікі павінны падзяляць погляды гуманізму, зьвяртаць увагу на праблемы правоў чалавека.
У выпадку актыўнай антываеннай пазыцыі спартоўца зь Беларусі і Расеі, я думаю, ён можа браць удзел у Алімпіядзе.
Другое важнае пытаньне — як абараніць тых беларускіх спартоўцаў, якія з прычыны сваёй грамадзянскай пазыцыі апынуліся па-за кар’ерай, былі пазбаўленыя сваіх прафэсійных і нават грамадзянскіх правоў. Атрымліваецца сытуацыя, калі лёс гэтых людзей ніякім чынам не турбуе міжнародных спартовых чыноўнікаў, МАК. Якім чынам будуць вернуты правы дзясяткаў беларускіх атлетаў, якія пацярпелі ад палітычнага перасьледу? Гэтая частка прадстаўнікоў алімпійскага руху выступіла ў абарону правоў спартсмэнаў і Алімпійскай хартыі ў Беларусі, а ў адказ атрымала рэпрэсіі, зьдзек прапаганды, страціла доступ да спартыўнай інфраструктуры і дзяржаўнай матэрыяльнай падтрымкі. Больш за сотню атлетаў і прадстаўнікоў спорту ня могуць вярнуцца на радзіму, больш за 30 застаюцца за кратамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК заклікаў дапусьціць да спаборніцтваў спартоўцаў зь Беларусі і Расеі, якія не падтрымалі вайну ва ЎкраінеАтрымліваецца, што тыя спартсмэны, якія баранілі Алімпійскую хартыю, на гульні не трапляюць, а тыя, хто адмаўчаўся ці падтрымаў нечалавечы рэжым, спакойна паедуць на спаборніцтвы. Гэтага не павінна адбыцца. Мы пакуль ня бачым магчымасьці ўдзелу афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў Алімпіядзе, бо гэтая дэлегацыя не прадстаўляе Беларусь і ўсіх беларускіх спартоўцаў, яна прадстаўляе беларускі рэжым. Прадстаўляць Беларусь можа толькі паўнавартасная беларуская дэлегацыя, дзе ўсе спартоўцы маюць аднолькавыя правы і адбіраліся выключна паводле спартовага прынцыпу.
Цяпер, калі многія спартоўцы пазбаўленыя магчымасьці займацца ў Беларусі любімай прафэсіяй з прычыны выказваньня сваёй грамадзянскай пазыцыі, — гэта яўнае парушэньне спартовага прынцыпу. Мы будзем дамагацца аднаўленьня правоў гэтых атлетаў, якія выступілі супраць гвалту і фактычна займаліся абаронай прынцыпаў Алімпійскай хартыі.
— А як зрабіць, каб тыя спартоўцы, якія выступілі супраць гвалту, ня трапілі пад «калектыўную адказнасьць» і мелі магчымасьць узяць удзел у Алімпіядзе?
— Яны могуць удзельнічаць у Алімпіядзе пад нэўтральным сьцягам, ніхто ім гэтага не забароніць. Але праблема ў роўнасьці правоў. Тыя, хто ўваходзіць у афіцыйную каманду, мелі доступ да інфраструктуры, мелі дзяржаўную падтрымку.
— Які варыянт выйсьця з гэтай сытуацыі вы прапануеце?
— Патрэбныя перамовы з МАК. МАК павінен вызначыцца, як ён будзе вырашаць пытаньне тых беларускіх спартоўцаў, правы якіх былі парушаныя. Яны трапілі пад палітычны перасьлед выключна дзякуючы сваёй падтрымцы прынцыпаў гуманізму і Алімпійскай хартыі.
— А якія Фонд бачыць варыянты ўдзелу беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе і іншых міжнародных спаборніцтвах? Якім вам бачыцца рэалістычны варыянт?
— Удзел беларускай дэлегацыі магчымы толькі пасьля таго, як гэтая частка беларускіх спартоўцаў, якая выступіла супраць гвалту і зазнала рэпрэсіі, будзе цалкам адноўлена ў правах. Калі яны змогуць мець доступ да інфраструктуры, да дзяржаўнага фінансаваньня. Бо зараз фактычна мы маем сытуацыю, калі тая частка спартоўцаў, якія прамаўчалі ці падтрымалі ўладу, — толькі яны ўваходзяць у нацыянальныя зборныя, прадстаўляюць краіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Домрачава выказалася за «спорт па-за палітыкай» і заявіла, што адхіленьне беларусаў і расейцаў ад спаборніцтваў ня скончыць вайну— Калі вяртацца да тэмы вайны, то ці не патрабуеце вы занадта шмат ад спартоўцаў, якія, на вашую думку, вельмі актыўна павінны выказвацца супраць вайны — і толькі ў такім выпадку маюць права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах? Вось, напрыклад, расейскія хакеісты, якія гуляюць у НХЛ, зразумела, не выказваюцца за вайну, але пры гэтым і не адзначаюцца надта рэзкімі заявамі супраць, бо моцна зьвязаныя з Расеяй і ня хочуць быць там «здраднікамі». І, падаецца, такі варыянт усіх задавальняе.
— Так. Ёсьць вэрсія антываеннай дэклярацыі, якая даволі жорсткая і адкрытая да падпісаньня. А пазыцыя «не — вайне, я за мір» мне падаецца даволі няшчырай, чыста для адгаворкі. Я лічу гэта недастатковым.
— Вы параўноўвалі цяперашнія спробы МАК дапусьціць расейскіх спартоўцаў на Алімпіяду з чэмпіянатам сьвету па хакеі, які не адбыўся ў Беларусі ў 2021 годзе, хоць тагачасны хакейны чыноўнік Рэне Фазэль да апошняга быў на баку афіцыйнага Менску. Якое ў выніку вы бачыце цяпер правільнае рашэньне?
— Тут няма адзіна правільнага рашэньня, якое б усіх задаволіла. На наш погляд, можа быць два варыянты. Першы: поўны «бан» беларускіх і расейскіх спартоўцаў за жорсткае парушэньне Алімпійскай хартыі.
Але з улікам таго, што ў Беларусі ёсьць атлеты, якія актыўна выступалі супраць гвалту і супраць вайны, магчымы і варыянт выключэньняў, доступу гэтых спартоўцаў на Алімпіяду ў індывідуальным парадку.