У горадзе Ветка Гомельскай вобласьці камунальныя службы вярнулі ваду ў дамы грамадзян. Пра гэта ўвечары паведаміла раённая газэта «Голос Ветковщины» ў інстаграме.
Вада ў горадзе зьнікла 30 студзеня.
Прычынай назвалі «аварыйную сытуацыю», але зь якой прычыны яна ўзьнікла, не патлумачылі. У горадзе, дзе пражываюць каля 8,5 тысячы чалавек, арганізавалі падвоз вады, каб грамадзяне маглі зрабіць нейкія запасы.
Пазьней у Міністэрстве надзвычайных сытуацый заявілі, што прычынаю стала тое, што выйшлі са строю асноўная і рэзэрвовая помпы каналізацыйнай помпавай станцыі КЖУП «Веткаўскае». Пакуль іх рамантавалі, водазабесьпячэньне давялося адключыць.
Гэта ўжо другая маштабная аварыя ў Беларусі за студзень. 16 студзеня без вады праз адключэньне аварыйнага кляпана засталіся амаль 19 тысяч жыхароў Пружан. Раённая лякарня абмежавала плянавую шпіталізацыю і прыём аналізаў, а пацыентаў стаматалягічнага профілю сталі прымаць толькі экстранна.
Ваду пружанцам далі толькі пасьля 19 гадзіны наступнага дня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ветцы на Гомельшчыне каля 8,5 тысячы жыхароў застаюцца без вады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пружанах далі ваду пасьля таго, як яна адсутнічала амаль два дні