У Ветцы на Гомельшчыне каля 8,5 тысячы жыхароў застаюцца без вады

Ветка, Гомельская вобласьць. Архіўнае фота

Гэта ня першая камунальная аварыя за апошнія тыдні ў Беларусі. У сярэдзіне студзеня некалькі дзён не было вады ў Пружанах.

Паводле інфармацыі камунальных службаў, водазабесьпячэньне ў горадзе Ветцы Гомельскай вобласьці будзе адсутнічаць да 20.00, пра гэта 30 студзеня паведамляе «Голос Ветковщины».

Прычынай называецца аварыйная сытуацыя, а зь якой прычыны яна ўзьнікла — не паведамляецца. У Ветцы, дзе пражываюць каля 8,5 тысячы чалавек, арганізавалі падвоз вады — для гэтага просяць зьвяртацца ў дыспэтчарскую службу па нумары 4-26-22 або 115.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пружанах далі ваду пасьля таго, як яна адсутнічала амаль два дні

16 студзеня без вады праз адключэньне аварыйнага кляпана засталіся амаль 19 тысяч жыхароў Пружан. Раённая бальніца абмежавала плянавую шпіталізацыю і прыём аналізаў, а пацыентаў стаматалягічнага профілю сталі прымаць толькі экстранна. Ваду далі толькі пасьля 19 гадзіны наступнага дня.

Пры гэтым міністар інфармацыі Беларусі Ўладзімір Пярцоў назваў адсутнасьць вады «дробязьзю», якую «апанэнты» «разьдзьмулі да нездаровага ўзроўню», каб «стварыць нэгатыўны настрой у беларускім грамадзтве».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя падаткі і рост заробкаў у бюджэтнікаў. Што ў Беларусі зьменіцца з 1 студзеня