Ва Ўкраіне 10 гадоў турмы прысудзілі беларусу, які ваяваў на баку Расеі ў прыватнай арміі

На ўезьдзе ў горад Ізюм Харкаўскай вобласьці, дзе ваяваў беларус Максім Зязюльчык. Ілюстрацыйнае фота

На вайну ва Ўкраіну Максім Зязюльчык трапіў праз тры дні пасьля вучэньняў на палігоне «Трыгуляй» у Тамбоўскай вобласьці Расеі. Кулямёт, зь якім яго затрымалі ўкраінцы, перададуць у крыміналістычны цэнтар.

Грамадзянін Беларусі Максім Зязюльчык, якога летась у верасьні ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы пры вызваленьні ад расейскіх акупантаў Ліманскага раёну Данецкай вобласьці, асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі — максымальны тэрмін, прадугледжаны паводле выстаўленых яму абвінавачаньняў ва ўдзеле ў якасьці найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяньнях (ч. 4 артыкулу 447 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).

Палонны грамадзянін Беларусі ва Ўкраіне, фота СБУ

Апрача таго, згодна з выракам, Максім Зязюльчык мусіць кампэнсаваць 1372 грыўні (амаль 35 даляраў у эквіваленце. — РС), якія спатрэбіліся на аплату працы экспэрта пры прывядзеньні судовых экспэртыз.

Згодна з украінскім заканадаўствам, Максім Зязюльчык можа абскардзіць гэты вырак да 18 лютага. На судовым пасяджэньні ён заявіў, што прызнае сваю віну і шкадуе аб сваіх супрацьпраўных учынках.

Максім Зязюльчык нарадзіўся ў Рудзенску Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці. Служыў у падразьдзеле «Вэтэраны» кулямётнікам-рэтрансьлятарам з 21 ліпеня. Да 25 жніўня ён знаходзіўся на пазыцыях сілаў Расеі ў акупаваным горадзе Ізюм Харкаўскай вобласьці.

Батальён «Вэтэраны» — падразьдзел прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут», якая спачатку ня ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях, а выконвала функцыю аховы аб’ектаў.

Максім Зязюльчык удзельнічаў у баях каля Краснапольля ў Данецкай вобласьці. У час баёў за пазыцыі ў лесапаласе Дубы 30 ліпеня ён быў паранены і да 25 жніўня лячыўся на базе сталай дысьлякацыі «Рэдуту» ў Ізюме Харкаўскай вобласьці.

25 жніўня ў складзе батальёну «Вэтэраны» яго перакінулі на пазыцыі каля Сватавага ў Луганскай вобласьці, дзе ішлі найбольш жорсткія баі. Пазьней расейцы перакінулі гэты падразьдзел у Ліманскі раён Данецкай вобласьці.

Урэшце 19 верасьня Максім Зязюльчык трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кіеўскі суд перадалі справу палоннага беларуса, які ваяваў на баку Расеі

Новыя дэталі справы

Украінцы ўзялі Максіма Зязюльчыка ў палон разам зь ягоным кулямётам. Паводле судовага рашэньня, кулямёт перададуць Дзяржаўнаму навукова-дасьледчаму экспэртна-крыміналістычнаму цэнтру МУС Украіны ў калекцыю зброі і выкарыстаньня ў экспэртнай і навуковай дзейнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быў паранены, ваяваў на Данеччыне, Луганшчыне і Харкаўшчыне. Новае пра беларуса, які трапіў ва ўкраінскі палон

Раней палонны беларус паведаміў украінскаму боку, што паводле кантракту ён меў атрымліваць 3600 даляраў на месяц. Апроч таго, яму абяцалі 100% надбаўкі за інваліднасьць. З выраку суду стала вядома, што пры падпісаньні кантракту ягонае жыцьцё застрахавалі на 60 тысяч даляраў, якія, пэўна, павінны былі атрымаць сваякі ў выпадку ягонай гібелі.

На вайну ва Ўкраіну Максім Зязюльчык трапіў праз тры дні пасьля вучэньняў на палігоне «Трыгуляй» у Тамбоўскай вобласьці Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.