У іншы час такая спартовая перамога была б нагодай радавацца нават для тых, хто не цікавіцца тэнісам. Але цяпер радасьць ад яе сумнеўная.
2020–2021 гады расставілі ў беларускім спорце многае па сваіх месцах: дзе Герасіменя, Ціманоўская, Раманоўская і нават колішняя атлетка і адыёзная прапагандыстка Інга Хрушчова — а дзе Арына Сабаленка, якая ў важны для краіны момант падпісала ліст у падтрымку рэжыму і публікавала апалітычныя развагі ў сваіх сацыяльных сетках, крытыкуючы праціўнікаў Лукашэнкі.
Няма ідэі, якая была б больш наіўнай і крывадушнай, чым «спорт па-за палітыкай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАК заклікаў дапусьціць да спаборніцтваў спартоўцаў зь Беларусі і Расеі, якія не падтрымалі вайну ва ЎкраінеПрафэсійны спорт ад самога пачатку быў, ёсьць і будзе сублімацыяй вайны, а значыць, паводле азначэньня будзе заставацца палітыкай. Асабліва для аўтарытарных і таталітарных рэжымаў, якія маюць нашмат большую патрэбу ў эмацыйных прапагандысцкіх посьпехах, чым дэмакратыі.
І мы бачым, што прапагандысцкі апарат Лукашэнкі напоўніцу, з усімі сваімі, як цяпер гавораць, крынжовымі вэрбальнымі і візуальнымі грымасамі «адпрацоўвае» перамогу Сабаленкі. Характэрна, што часам пры гэтым лукашысты «па Фройду» ў першых жа абзацах абрынаюцца на праціўнікаў рэжыму, якіх яны цяпер усімі магчымымі праклёнамі і заляцаньнямі спрабуюць завабіць назад у Беларусь: месцаў у турмах яшчэ хапае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандра Герасіменя запусьціла дабрачынны збор на навучаньне плаваньню ўкраінскіх дзяцей-уцекачоўБеларусі не патрэбна футбольная фэдэрацыя, не патрэбен тэніс, не патрэбен хакей і не патрэбен Алімпійскі камітэт, пакуль усё гэта ня больш, чым забаўкі ў руках дыктатара і прапагандысцкая зброя для апраўданьня рэжыму, пры якім некалькі тысяч беларусаў зьяўляюцца палітвязьнямі (сярод іх нобэлеўскі ляўрэат), а дзясяткі тысяч — палітычнымі ўцекачамі (сярод іх яшчэ адзін нобэлеўскі ляўрэат).
Допуск спартоўцаў з аўтарытарных краінаў на міжнародныя спаборніцтвы — гэта допуск напампаваных допінгам рабоў (глядзі спартовую гісторыю Ўсходняй Нямеччыны, СССР і КНР або зборнай Расеі на Алімпійскіх гульнях у Сочы) і аблашчаных дыктатарам лейтэнантаў КДБ (ці якое там апошняе званьне ў Дар’і Домрачавай). Слава, якую яны прыносяць сваёй краіне, сумнеўная. Узгадайма, як нядаўна іранцы заўзелі супраць сваёй зборнай на чэмпіянаце сьвету ў футболе ў Катары. І як лёгка зразумець многім беларусам іхныя эмоцыі.
Выходзіць з рабамі і чэкістамі на адзін рынг ці тэнісны корт — таксама неадназначная рэч з маральнага пункту гледжаньня. І таму Міжнародны Алімпійскі камітэт робіць памылку, дапускаючы ўдзел спартоўцаў зь Беларусі і Расеі ў гульнях у Парыжы ў 2024 годзе. І Ўкраіна будзе цалкам мець рацыю, калі сапраўды наважыцца абвясьціць гэтым гульням байкот — хочацца спадзявацца, што яна ў такім выпадку будзе не ў адзіноце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд спартовай салідарнасьці зьвярнуўся ў МАК і іншыя арганізацыі з нагоды выраку Апейкіну і ГерасіменіКалі вам дадзеная трыбуна, дзе ваш голас пачуе хоць сто, хоць тысяча чалавек, а пагатоў калі да вас як да спартовай зоркі прыслухаецца цэлы сьвет — выкарыстайце гэту трыбуну для таго, каб выказацца супраць тыраніі і ў падтрымку тых, хто змагаецца супраць зла, супраць гвалту і прымусу.
Ад Арыны Сабаленкі мы, падобна, нічога такога не пачуем і не пабачым. Гэта, вядома, яе права і свабода, пагатоў яна жыхарка ЗША, якая, хутчэй за ўсё, ужо ніколі ня вернецца жыць у Беларусь. І гэта яшчэ адна падстава не для радасьці, але для суму і роздуму з нагоды апошняй перамогі на Australian Open.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.