У Кіева-Магілянскай акадэміі забаранілі ўжываньне расейскай мовы

Кіева-Магілянская акадэмія, Кіеў

Кіраўніцтва Кіева-Магілянскай акадэміі забараніла ўжываньне расейскай мовы ў сьценах навучальнай установы. Пра гэта паведаміў у фэйсбуку сябар наглядальнай рады ВНУ, былы віцэ-прэм’ер Украіны Генадзь Зубко.

Паводле Зубко, выкладаньне на расейскай мове не вядзецца ўжо даўно. Цяпер гаворка ідзе пра забарону расейскай мовы ў асабістых зносінах студэнтаў, выкладчыкаў і адміністрацыі акадэміі.

Зубко таксама адзначыў, што новых правілаў запатрабавала рэальнасьць, у якой даводзіцца працаваць украінскім ВНУ і іншым навучальным установам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не было ніякай „мяккай беларусізацыі“». Мовазнаўца Вячорка пра вынішчэньне беларускай мовы і напад на лацінку

Кіраўніцтва акадэміі паведаміла, што новыя правілы прыняты 27 студзеня на агульнай канфэрэнцыі, у якой бралі ўдзел у тым ліку студэнты.

«Украінская праўда» нагадвае, што раней у кіеўскіх школах адмовіліся ад выкладаньня расейскай мовы нават факультатыўна. Вярхоўная рада Ўкраіны прыняла законапраект, паводле якога ў краіне могуць забараніць выкарыстаньне расейскіх крыніц у адукацыі і навуцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія студэнты могуць атрымаць стыпэндыю для вучобы ў Кіева-Магілянскай акадэміі

Кіева-Магілянская акадэмія — найстарэйшая ВНУ Украіны. Навучальная ўстанова заснавана ў 1615 годзе. Яна лічыцца адной са старэйшых вышэйшых школ ва Ўсходняй Эўропе.