Амбасадар Украіны назваў агульную колькасьць танкаў, якую Кіеў атрымае ад Захаду

Нямецкі танк «Леапард», ілюстрацыйнае фота. Іх плянуюць перадаць Украіне

У апошнія дні некалькі заходніх саюзьнікаў Украіны аб’явілі, што плянуюць паставіць Кіеву баявыя танкі. Сярод іх ЗША, Нямеччына, Вялікая Брытанія, Польшча, Канада, Нарвэгія, Гішпанія і Славакія.

Агулам Кіеў можа атрымаць 321 замежны танк. Пра гэта заявіў амбасадар Украіны ў Францыі Вадзім Амельчанка.

«Я магу заявіць, што шэраг краін афіцыйна пацьвердзілі згоду на пастаўку Украіне 321 цяжкога танка», — распавёў Амельчанка ў эфіры тэлеканала BFMTV.

Ён адзначыў, што тэрміны пастаўкі варʼіруюцца ў залежнасьці ад тыпу танка і краіны іх вытворчасьці, але гэтая дапамога патрэбная Ўкраіне «як мага хутчэй», бо ў канцы лета-пачатку восені будзе «занадта позна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: ЗША перададуць Украіне 31 танк Abrams
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першыя танкі Leopard 2 зь Нямеччыны прыбудуць ва Ўкраіну ў канцы сакавіка — пачатку красавіка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча, апрача Leopard 2, перадасьць Украіне яшчэ 60 мадэрнізаваных савецкіх танкаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Расея рыхтуе новы наступ на Ўкраіну ў лютым-сакавіку