Указы прэзыдэнта Расеі аб памілаваньні зьняволеных, завэрбаваных для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне, засакрэчаныя. Пра гэта сказаў прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў, адказваючы на пытаньне Бі-бі-сі аб тым, на якіх падставах зьняволеныя адпраўляюцца ў зону баявых дзеяньняў.
«Я не магу нічога гаварыць пра ўказы. Вы ведаеце, што існуюць указы адкрытыя, існуюць указы з грыфам сакрэтнасьці, таму пра ўказы я нічога не магу гаварыць, — заявіў Пяскоў. — Але я сапраўды магу пацьвердзіць, што ўся працэдура памілаваньня ажыцьцяўляецца ў строгай адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам».
Зь вясны 2022 году ў СМІ пачала зьяўляцца інфармацыя пра тое, што ПВК «Вагнэр» вэрбуе зьняволеных у расейскіх калёніях для ўдзелу ў вайне з Украінай у абмен на памілаваньне. Як гэта афармляецца юрыдычна, не паведамлялася.
Раней сябра Рады правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі Ева Меркачова расказвала, што фармальна зьняволеных вызваляюць яшчэ да таго, як іх вывозяць з калёній для ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Яна таксама казала, што працэдура памілаваньня — дзяржаўная тайна.
У той жа час заснавальнік і спонсар ПВК «Вагнэра», блізкі да Ўладзіміра Пуціна бізнэсовец Яўгеній Прыгожын раней казаў, што асуджаныя былі памілаваныя ўжо на фронце.
Кіраўніца праваабарончага фонду «Русь сидящая» Вольга Раманава выказала сумнеў у тым, што даведкі аб вызваленьні і памілаваньні, якія нібыта атрымліваюць зьняволеныя, могуць быць сапраўдныя. Яна падкрэсьліла, што памілаваньне — працяглы працэс, які пачынаецца з рэгіянальнага ўзроўню і заканчваецца ўказам прэзыдэнта, але, паводле яе зьвестак, рэгіянальныя грамадзкія палаты ніякіх прашэньняў аб памілаваньні не разглядалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: «Вагнэр» стварае «ўнікальную пагрозу» ў бліжнім баі, нават калі нясе велізарныя стратыНа пачатку студзеня Прыгожын паведаміў, што першая група расейскіх зьняволеных (каля 20 чалавек, завэрбаваных ПВК «Вагнэр» для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне) завяршыла паўгадавы кантракт. Паводле яго, зь іх зьнялі ўсе судзімасьці.
ПВК «Вагнэр» — расейскае неафіцыйнае вайсковае падразьдзяленьне, якое бярэ ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Байцоў кампаніі падазраюць у зьдзяйсьненьні шматлікіх ваенных злачынстваў, у тым ліку ў пазасудовых пакараньнях. Стваральнік і спонсар ПВК Яўгеній Прыгожын не адмаўляе іх, хоць наўпрост і не прызнае.
26 студзеня ЗША абвясьцілі ПВК «Вагнэр» транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй і ўвялі санкцыі ў дачыненьні да 6 фізычных асоб і 12 кампаній, якія Вашынгтон лічыць зьвязанымі з ПВК «Вагнэр» і Яўгеніем Прыгожыным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША прызналі ПВК «Вагнэр» транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй