Акрамя ўжо абвешчанай дапамогі танкамі Leopard 2, Польшча таксама адправіць Украіне 60 танкаў PT-91 Twardy, паведаміў у Telegram кіраўнік офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.
«Польшча адправіць ва Ўкраіну 60 танкаў PT-91 Twardy, а таксама анансаваныя раней 14 танкаў Leopard 2. Дзякуй нашым саюзьнікам. Разабʼем ворага», — сказаў Ярмак.
Раней у інтэрвію канадзкаму тэлеканалу CTV News прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў: «Цяпер мы гатовыя даць 60 нашых мадэрнізаваных танкаў, трыццаць зь якіх — PT-91».
Польшча ўжо перадала Ўзброеным сілам Украіны танкі PT-91 Twardy ўласнай вытворчасьці — гэта асноўныя баявыя танкі ўзброеных сілаў краіны. ПТ-91 — мадэрнізаваны варыянт савецкага танка Т-72 з больш магутным рухавіком і сыстэмай кіраваньня агнём.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: ЗША перададуць Украіне 31 танк AbramsНамесьнік міністра абароны Польшчы Войцех Скуркевіч запэўніў, што Варшава можа перадаць Украіне танкі Leopard празь некалькі тыдняў. Пасьля таго, як іншыя краіны прымуць рашэньне аб перадачы танкаў, Польшча пачне падрыхтоўку ўкраінцаў.
Зараз у эўрапейскіх краінах налічваецца каля 2 тысяч танкаў Leopard розных мадыфікацый. Бэрлін перадасьць Украіне 14 танкаў Leopard 2 у мадыфікацыі A6 са складоў Бундэсвэру. Канада абвясьціла, што перадасьць Кіеву чатыры танкі Leopard 2 у рамках вайсковай дапамогі. ЗША перададуць Украіне 31 танк M1 Abrams, восем рамонтна-эвакуацыйных браняваных аўтамабіляў M88 для абслугоўваньня танкаў і больш за 500 адзінак бронятэхнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік кіраўніка МЗС Украіны на фоне паставак танкаў Leopard 2 заклікаў Нямеччыну даць яшчэ зьнішчальнікі і караблі