Данута Бічэль: «Нарадзіцца і зразумець, што ты беларус — як перажыць землятрус!»

Данута Бічэль

Пры канцы 2022-га ў выдавецтве «ПРО ХРЫСТО» выйшла кніга Дануты Бічэль «Гаўя сьпяшаецца ў Нёман». Сваімі ўражаньнямі ад новых вершаў знакамітае паэткі з Горадні дзеліцца Зося Сухавей.

«Божанька, пачытай мае вершы!»

У анатацыі да кнігі сказана, што яна адрасавана тым людзям, якія, акрамя Божай, іншай падтрымкі не чакаюць. Вонкавая прастата, за якою выяўляецца глыбінная мудрасьць, якраз і паказваюць, што, прайшоўшы немалы жыцьцёвы шлях з усімі яго жарсьцямі і калатнечамі, паэтка апынаецца толькі перад адным Абаронцам і Заступнікам. Але гэта толькі частка ўражаньняў ад кнігі. Такога даволі павярхоўнага ўспрыняцьця яе. Насамрэч кніга і адрасавана, можна сказаць, не грахоўным чалавечым істотам, а толькі Яму, гэтаму найлепшаму Чытачу.

«Ты, Божа, Чытач найлепшы!
Прымі за малітву мой вершык…
Ты ж, Божа, — калі мне не ўдалося, —
не павесіш мой верш, як аб’яву,
у суседа на плоце…»

Данута Бічэль, «Гаўя сьпяшаецца ў Нёман», 2022

«Цела душы маёй, рака мая Гаўя»

Гаўя — рака маленства Дануты Бічэль, для якой яна з гадамі стала адушаўлёнай істотай. Часам яна называе родную рэчку «Сьляза матуліна — Гаўя», але найчасьцей — «родавы шлях».

Несучы гэты родавы шлях празь вёску Біскупцы на Лідчыне, Гаўя вылюляла талент будучай паэткі. У Гаўі ёсьць бухтачка, у якой колісь прыпыніўся папяровы караблік Слова Дануты Бічэль, пра якую некалі Ларыса Геніюш сказала: «Маладзенькі праменьчыку наш». А пазьней Анатоль Сыс з захапленьнем усклікнуў: «Данута Бічэль-Загнетава — якая паэтка айчынная!»

І хто ведае, можа вада Гаўі і ацаляе да сёньня душу паэткі.

«Ды не прыдумалі мацнейшых лекаў,
чым конаўка вады з крынічных рэкаў…»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Данута Бічэль: «Паэзія Арсеньневай як Ніягарскі вадаспад»

«Мой духоўны сябра — Адаме… Ты — спрадвечны Нёман, я — Гаўя…»

Гаўя — прыток Нёмана, але ва ўспрыманьні паэткі — гэта вялікая рака.

«Вобраз „малой радзімы“
выдуманы, не праўдзівы.
Вялікая і сьвятая,
Радзіма ў тваім дакумэнце…»

І на доказ гэтае думкі яна піша, што «цяпер зусім невядома — дзе рэчачка Гаўя, дзе Нёман…» Бо як вада Гаўі ўплывае ў Нёман, так душа паэткі ўжо даўно блукае між берагамі гэтай апетай ёю ракі. Жывучы шмат гадоў у наднёманскай Горадні, паэтка стала адным зь яе сымбаляў, духоўным арыенцірам маладзейшым паэтам. Нездарма ж у ніводным зь іншых беларускіх гарадоў няма сёньня такога яркага суквецьця паэтычных талентаў.

«На сьвітаньні, калі зацьвітаюць плятаны,
якія прыбеглі з Італіі,
да Маці Божае на Каложы, —
і я на старажытны парожак
пакладу скамянелы грошык,
каб усё адбылося прыгожа,
упаду на калені…»

«Нельга зблытаць Нёман і Niemen!»

Гэтая кніга, на першае ўражаньне, сьведчыць пра моцны ўнутраны спакой аўтаркі. Але калі ўчытацца, не сьпяшаючыся, то адчуваеш, як яна поўніцца болем за ўсё, што дзеецца вакол. «Да спаленай дзедавай хаты з выраю ўнукі ня вернуцца», — канстатуе яна. А праз колькі старонак яшчэ адна адчайная выснова:

«Былі пастушкамі зорак,
цяпер вартуем чужы панадворак…»

Паэтка ўпэўненая, што сеяць зерні волі на родным полі — Божае пакліканьне.

«…Ходзіць Маці па кінутым полі
ў цярновым вяночку з руты,
кажа:
— Людзі, не ўцякайце нікуды,
сейце зь Езусам зернейка волі!»

Тут цяпер — Пляц Няволі, так. Але ж ён часовы.

«А на Нёмане — крыгаход.
А ў сэрцах — ламаецца лёд.
Тае сьнег на лузе і ў полі.
І зьнікае ў думках прыгнёт.
Паўстае з каленяў народ
апаўночы — на Пляцы Няволі…»

Калі ж ужо так адбылося, што час і лёс выпаў жыць у іншай краіне, то ўсё, што застаецца, — ня зблытаць чужое са сваім.

«Можна лепшыя справы прысьніць.
Можна ўсё змарнаваць і зьмяніць…
Толькі зблытаць нічога нельга!
Нельга зблытаць Нёман і Niemen!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анкета на лета. Данута Бічэль-Загнетава: «Калі б я была багатая, тады не пісала б вершаў...»

«У грудзях так лёгка, нібы ў мяне сэрца Езуса перашчапілі»

Будзённае сёньня — вуснамі паэткі.

«Богу сорамна — Бог маўчыць.
Толькі д’ябал штодзень верашчыць
на ўвесь сьвет, але сам да сябе,
пустасловам, як д’ябал, дзяўбе».

Сам сябе ён урэшце і зьдзяўбе, піша яна ў адным зь лістоў да мяне. «Пакуль што не прыдумалі зброі, каб зьнішчыць наша сонейка. Яно будзе сьвяціць заўсёды. І калі нас ня будзе».

Азіраючыся ж на мінулыя сонечныя дні, паэтка ні аб чым не шкадуе.

«Мне неяк добра ўдалося
паміж васількоў і калосься
абысьці сьцяжынкамі ў любасьці,
лугавымі, па дзікім лубіне…
пад месячыкам наіўным,
зямельку, узьлюбленую,
праслаўленую Францішкам Скарынам…»

Усё, што ёй засталося, — малітоўна самоціцца.

«Чытаю. Ніхто мяне не чапае.
Ніхто не чакае. Мне добра».

Як тут не прыгадаць словы Алеся Разанава: «Сапраўднае ні з чым не спрачаецца, ні перад кім не выстаўляецца, нічога нікому не даказвае і нават параўнаньняў, якое яно, ня мае».

Зося Сухавей