Узровень рэальнага беспрацоўя, разьлічанага паводле мэтадалёгіі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), у чацьвёртым квартале 2022 году склаў 3,6 працэнта працаздольнага насельніцтва Беларусі.
Пра гэта паведамляе BPN, цытуючы зьвесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту па выніках рэгулярнага выбарачнага абсьледаваньня хатніх гаспадарак.
У параўнаньні са зьвесткамі за трэці квартал рэальнае беспрацоўе вырасла на 0,2%.
Паведамляецца, што беспрацоўнымі зьяўляюцца 4,1 працэнта мужчын і 2,8 працэнта жанчын. У горадзе працы не мае 3,6% насельніцтва ў працаздольным узросьце, у сельскай мясцовасьці – 3,0%.
У сьнежні 2022 году ў эканоміцы было занята 4 189,6 тыс. чалавек супраць 4 192,9 тыс. месяцам раней. Такім чынам за сьнежань работнікаў у краіне стала менш на 3,3 тыс., або на 0,08 працэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы часьцей зарабляюць менш за 400 рублёў у месяц, чым больш за 5000. Белстат пра заробкі