Абойма эканамістаў, якія выступаюць у ролі экспэртаў на дзяржаўным тэлебачаньні, даволі абмежаваная. Доўгі час для прапаганды працаваў радыкальны прыхільнік плянавай эканомікі Валеры Байнёў, які лічыць, што рынкавыя рэформы прыводзяць «да крыві, вайны, інфляцыі і тэрактаў», а таксама Міхаіл Кавалёў, які хваліў беларускія ўлады за ўдала праведзеныя дэвальвацыі рубля.
Цяпер на тэлебачаньні часта зьяўляюцца загадчыца катэдры мэнэджмэнту, тэхналёгій бізнэсу і ўстойлівага разьвіцьця Ірына Новікава, а таксама кандыдат эканамічных навук Георгі Грыц. Менавіта яны сталі найбольш частымі гасьцямі палітычных ток-шоў на дзяржаўным тэлебачаньні, дзе расказваюць, што санкцыі не працуюць, а эканоміка Беларусі пасьпяховая і разьвіваецца.
Свабода паглядзела, што вядома пра Георгія Грыца, а таксама паразмаўляла пра эканаміста зь ягонымі знаёмымі.
Канструктар на «Гарызонце»
Георгі Грыц нарадзіўся ў 1955 годзе ў Менску. Скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «Шматканальная электрасувязь». Трапіў на працу на завод «Гарызонт», дзе быў канструктарам. За савецкім часам меў магчымасьць езьдзіць у замежныя камандзіроўкі па краінах сацлягеру — Вугоршчына, Польшча, Чэхаславаччына.
Сам Грыц аднойчы абураўся ў эфіры БТ, што любы такі выезд быў вымушаны ўзгадняць у Маскве і там жа атрымліваць камандзіровачныя. Эканаміст адкрыта казаў яшчэ нядаўна, што ў Расеі засталіся «імпэрскія амбіцыі».
«Нас практычна выкінулі з рынку Расеі, а ўнутры краіны такія магутнасьці былі непатрэбныя», — казаў Грыц пра завод «Гарызонт» у першыя гады незалежнасьці.
У 1991 годзе Грыц сышоў з вытворчасьці, нейкі час працаваў у розных падразьдзяленьнях спачатку Міністэрства зьнешніх эканамічных сувязяў, а потым Міністэрства эканомікі.
Ад сярэдзіны 1990-х Георгі Грыц працуе ў Інстытуце эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук. У 2004 годзе была яшчэ адна спроба сысьці ў вытворчасьць — на прадпрыемства МПОВТ, якое паўстала на базе Менскага заводу вытворчасьці электронных вылічальных машын.
Было і шмат іншых прац — у Інстытуце бізнэсу БДУ, Цэнтры павышэньня кваліфікацыі кіроўных работнікаў і спэцыялістаў «Бамэ-Экспэдытар», страхавым таварыстве ТАСК, на Менскім заводзе колавых цягачоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціхар», «Чалавек году», прыхільнік «русского мира». Што вядома пра міліцыянта, які стаў намесьнікам рэдактара «Гомельских ведомостей»Адмаўчаўся ў 2020-м
Адметна, што Георгію Грыцу ўдалося адмаўчацца падчас падзей 2020 году. У жніўні-верасьні ён зьяўляўся ў дзяржаўных СМІ толькі з камэнтарамі пра тое, ці выгадна Беларусі будзе вырабляць зьмяіную атруту, але не пра актуальныя палітычныя падзеі.
У кастрычніку 2020 году ён заявіў, што гаспадарцы Беларусі трэба за год дадаваць 5–7%, каб толькі не адставаць ад барацьбы на сусьветным рынку. Празь нейкі час ён таксама дазволіў сабе рэзкае выказваньне, што прадукцыйнасьць працы ў Беларусі ніжэйшая, чым у краін-канкурэнтаў да чацьвёртай індустрыяльнай рэвалюцыі.
Пасьля гэтага Грыц пачаў толькі хваліць беларускія ўлады і крытыкаваць Захад. «Гэтая санкцыйная палітыка адстала. Возьмем прадуктовую бясьпеку. У нашых крамах 70% айчыннай прадукцыі. Так, санкцыі, ну ня будзем купляць сыр пармэзан, францускае шампанскае. Але ў нас ёсьць свая прадукцыя», — казаў ён у жніўні 2021 году.
Летась эканаміст жорстка прайшоўся па айцішніках:
«ПВТ працаваў не для эканомікі Беларусі, а на заходнія кампаніі, а прэфэрэнцыі меў! Адзін з самых абуральных выпадкаў — кампанія EPAM, якая сышла зь беларускага і расейскага рынкаў. Гэта быў нонсэнс. Яны атрымлівалі прэфэрэнцыі як рэзыдэнты ПВТ. І ў той жа час на прынцыпах добрасумленнай канкурэнцыі плацілі ў бюджэт ЗША з нашага бюджэту».
«Пантаваўся, што ледзь ня сябар Рады бясьпекі»
У 2013 годзе Георгі Грыц увайшоў у Міжведамасную камісію па бясьпецы ў сфэры эканомікі пры Радзе бясьпекі. Яе ў той час узначальваў Кірыл Руды, потым кіраваньне перайшло да Мікалая Снапкова. Чалавек, які працаваў тады ў апараце Рады бясьпекі, гэтак узгадвае супрацу з Грыцом.
«Ён быў патрэбны для таго, каб мы маглі прасунуць нейкую ініцыятыву, але не хацелі, каб яна паходзіла ад нас. Тады мы выклікалі Георгія Васілевіча, тлумачылі яму сытуацыю, казалі, што падтрымаем. Пры гэтым хачу заўважыць, што час быў зусім іншы, і ад нас паходзіла мноства лібэральных прапановаў, якія маглі не падтрымліваць сілавікі», — расказвае былы дзяржаўны службовец.
Пра цяперашнюю экспэртызу Георгія Грыца ён кажа: «Пусьціўся ва ўсе цяжкія».
«Ён заўсёды быў прыстасаванцам і разумеў, калі трэба правільна прагнуцца. У яго здараліся залёты, калі пачынаў пантавацца, што ледзьве сам ня сябар Рады бясьпекі, хаця гэта і блізка ня так. Ён выкарыстоўваў свой статус для вырашэньня асабістых спраў, падчас канфліктаў з кіраўніком Акадэміі навук Гусаковым. Пару разоў яго на гэтым лавілі, хацелі нават выключаць з камісіі. Выглядае, што цяпер яго нехта іншы выкарыстоўвае ў сваіх мэтах, як калісьці выкарыстоўвалі мы», — кажа экс-супрацоўнік Рады бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ідэя Карпянкова, кіруе «красавец». Што за дзіцячы вайскова-патрыятычны клюб «Рысь» узнагародзіў Лукашэнка«Шаман Дзяржпляну»
У верасьні 2022 году ў шэрагу беларускіх і расейскіх дзяржаўных СМІ выходзіць навіна: «Беларускі эканаміст лічыць цудам, калі Захад перажыве 2022 год». І гэта ня «смажаны» жоўты загаловак. У эфіры тэлеканалу АНТ Георгі Грыц сапраўды прадказваў, што заходнія краіны чакае дэградацыя эліты і падзеньне бізнэсу. Вядома, нічога падобнага не адбылося.
Яшчэ ў сакавіку 2022 году калёнка кандыдата эканамічных навук Грыца ў «Сельской газете» выйшла з падзагалоўкам «Даляру... канец». Але і тут выйшаў промах. Цягам апошняга году Грыц выдаў некалькі падобных прагнозаў.
«Лепш бы напісалі не „эканаміст“, а „шаман Дзяржпляну“, — сьмяецца з прадказаньняў Грыца эканаміст Яраслаў Раманчук. — У чалавека вельмі высокае эга, а веды толькі савецкай палітэканоміі. Тыповы прыстасаванец».
«Нельга сказаць, што ён дэградаваў»
Да 2021 году Георгі Грыц быў у шэрагу тых экспэртаў, якія, будучы набліжанымі да ўлады, ня скочваліся ў адыёзнасьць. Ён неаднаразова выступаў у якасьці экспэрта ў недзяржаўных СМІ, у тым ліку на Свабодзе. Мог асьцярожна пакрытыкаваць дзеяньні ўлады.
«Незалежным экспэртам ён ніколі ня быў, заўсёды працаваў у дзяржаўных структурах. Магчыма, яму было выгадна пазыцыянавацца незалежным, каб зьяўляцца ў СМІ, зарабляць сабе імя. Магчыма, гадоў яшчэ 7–8 таму ў яго сапраўды былі яшчэ нейкія ўласныя думкі, цяпер іх няма», — сказаў яшчэ адзін знаёмы Грыца.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.