«Выглядае непераканаўча». Як Лукашэнка запрашае вяртацца беларускіх эмігрантаў і што ім прапануюць

Мяжа Беларусі і Польшчы

24 студзеня Лукашэнка чарговым разам выказаўся пра беларусаў, якія зьехалі з краіны праз рэпрэсіі і палітычны крызіс. Глядзім, як улады клікалі назад палітычных эмігрантаў назад у розныя часы.

Лукашэнка чарговым разам выказаўся пра беларускіх палітычных эмігрантаў і прапанаваў ім вяртацца ў Беларусь.

«Тыя, хто гатовы жыць у міры, ствараць для дабра сваёй краіны, не павінны быць адкінутыя грамадзтвам. Гэта аксіёма. Гэта ня я прыдумаў. І калі мы людзі мудрыя і ўлада мае прыкметы мудрасьці, яна павінна ў такім ключы і дзейнічаць. Нам трэба не закрывацца ад тых, хто спатыкнуўся, зразумеў гэта, а зрабіць крок насустрач», — сказаў ён на нарадзе аб грамадзка-палітычнай абстаноўцы.

Пры гэтым ён удакладніў, хто можа вярнуцца, і сказаў, што «яны мусяць стаць яшчэ большымі „ябацькамі“, чым тыя, хто тут ёсьць».

«Гэта тычыцца толькі тых, хто заслугоўвае гэтага прабачэньня. Ну, а хто сьвядома пераступіў рысу закону, паставіў пад пагрозу чалавечыя жыцьці, пры падтрымцы заходніх спэцслужбаў працягвае дэструктыўную дзейнасьць супраць нашай краіны, будзе адказваць перад законам», — дадаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў заклікае беларусаў вяртацца. Але толькі тых, «хто будзе ябацькамі яшчэ большымі, чым тыя, хто нас атачаюць»

Глядзім, як мянялася рыторыка ўладаў у адносінах да палітычных эмігрантаў.

Жнівень 2021. «Там і заставайцеся»

24 жніўня 2021 году Лукашэнка выказаўся пра моладзь, якая зьехала зь Беларусі. Ён наракаў на тое, што беларускай моладзі, якая вучылася за мяжой, дазволілі ў 2020 годзе прыехаць у Беларусь, нягледзячы на пандэмію каранавірусу, а яна «выступіла за разбурэньне дзяржавы».

«Едзьце, вучыцеся. Але вы, калі ласка, тамака і заставайцеся. Таму што там ня столькі навучаюць — ім далёка да нашай адукацыі, паверце, далёка. Яны ім прамываюць мазгі і закідаюць да нас ужо як агентуру, з прамытымі мазгамі. Гэта ўжо ідэйныя, ну, калі ня ворагі, то супернікі нашай дзяржавы. І нам даводзіцца зь імі змагацца. Яны ўжо цяжкаперавыхавальныя», — казаў тады Лукашэнка.

Люты 2022. «Дамоў, паўзком, на каленях»

Падчас пасланьня беларускаму народу і парлямэнту летась 28 лютага Лукашэнка зноў падняў тэму палітычных эмігрантаў і прапанаваў ім каяцца і паўзьці дамоў на каленях.

«Мая вам парада: дадому, кайцеся і становіцеся на калені. Заплаціце штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду. Хоць бы часткова, таму што на тое, што вы нарабілі, ня хопіць ні вашай уласнасьці, ні ўсяго таго, што вы заробіце наперад за сваё жыцьцё. Каму трэба, хто гэта заслужыў па законе. Адседзьце ў месцах ня гэтак аддаленых», — прапанаваў Лукашэнка.

Тады ж Лукашэнка анансаваў стварэньне адмысловай камісіі, якая будзе разглядаць справы палітычных эмігрантаў.

Чэрвень 2022. «Кожны атрымае, што заслужыў»

21 чэрвеня, адказваючы на пытаньні супрацоўнікаў агракамбінату «Юбілейны», Лукашэнка зноў узьняў тэму беларусаў, якія зьехалі за мяжу праз палітычны крызіс.

«Пабеглі за мяжу, а сёньня 95% (яны ўжо пішуць адкрыта) хочуць назад вярнуцца: „Вось калі б Аляксандар Рыгоравіч дараваў і адчыніў мяжу...“ 95% вярнуліся б. Я ня супраць: хто ў турму, хто куды — хто што заслужыў. Трэба вяртацца. Вы там не прыжывяцеся», — заявіў Лукашэнка.

І дадаў, што «нашы там ужо на падхваце і ўсе хочуць дадому».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Запасны аэрадром»? Што Лукашэнка шукае ў Зымбабвэ і Эміратах

Студзень 2022. «Трэба зрабіць крок насустрач»

7 студзеня падчас наведваньня храма Лукашэнка загаварыў пра «крок насустрач» для палітычных эмігрантаў.

«Нарэшце многія-многія людзі пачалі разумець, што яны нідзе не патрэбныя, акрамя сваёй зямлі. Нават і тыя, хто ўцёк зь Беларусі, сёньня тысячамі зьвяртаюцца да нас, каб іх вярнулі назад на радзіму. Мы нікога не выганялі зь Беларусі. Гэта такая ж іх зямля, як і наша. Але яны шукалі лепшага жыцьця, з розных прычын беглі адсюль. Надышоў час, калі мы, прадстаўнікі ўлады, я як кіраўнік дзяржавы і вы, сьвятары, нашы людзі, павінны зрабіць крок насустрач гэтым людзям, якія ці то ашалеўшы, ці то на нейкі час страціўшы арыенціры, памыліліся. І будзе, напэўна, па-нашаму, па-праваслаўнаму, калі мы гэты крок насустрач ім зробім», — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён дадаў, што «кожны павінен адказаць за сваё».

«Я не хачу сказаць, што мы зараз, як патрабуе ад нас Захад... Я менш пра гэта кажу, але кожны дзень патрабаваньне — вярнуць, і іншае, і іншае, нават парушальнікаў закону. Не. Кожны павінен адказаць за сваё. Але я ўпэўнены, што сярод і тых, хто ўцёк, і тых, якія жывуць сёньня ў нас, — людзі, якія глыбока раскаяліся, людзі, якія зразумелі, што памыліліся. Яны не павінны быць выкінутыя на ўзбочыну», — удакладніў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шмат гадоў працаваў у нелегальнай арганізацыі», — дзяржаўныя СМІ з «закрытага суду» над журналістам Пачобутам

Студзень 2023. «Трэба правесьці мітынгі за мяжой за адмену санкцый»

Пра палітычных эмігрантаў і іх вяртаньне з-за мяжы выказваўся ня толькі Лукашэнка. Напрыклад, сябра Савету Рэспублікі Алег Дзьячэнка прапанаваў беларусам правесьці мітынгі за мяжой за адмену санкцый, уведзеных супраць беларускіх уладаў, і такім чынам заслужыць дараваньне.

«Якія гэта могуць быць крокі? Яны могуць узяць удзел у розных мерапрыемствах за мяжой у падтрымку нашай дзяржавы. Яны крычалі пра ўвядзеньне санкцый. Няхай зараз папрацуюць на тое, каб зьняць гэтыя санкцыі. Няхай правядуць мітынгі ў Варшаве, Вільні, іншых заходніх дзяржавах за зьняцьцё неправамерных, неабгрунтаваных санкцый супраць нашай краіны. Няхай папрацуюць на нашу краіну, на сваю радзіму, якую яны кінулі, зь якой яны зьехалі, якую яны палівалі брудам за мяжой», — прапанаваў Дзьячэнка.

«Экстрэмістам літасьці ня будзе»

Увечары 24 студзеня аб «працы камісіі па вяртаньні зьбеглых» расказаў генпракурор Андрэй Швед, які яе ўзначаліў. Андрэя Шведа ўнесьлі ў «чорны сьпіс ЭЗ» як адказнага за рэпрэсіі, гвалт і затрыманьні палітычных актывістаў.

«Тыя, хто знаходзіцца за мяжой, жадае вярнуцца на радзіму, але чагосьці баіцца, будуць мець магчымасьць зьвярнуцца (інфармацыя будзе разьмешчаная ва ўсіх сродках масавай інфармацыі) у камісію і атрымаць адпаведныя тлумачэньні — аб магчымасьці вярнуцца, аб наяўнасьці або адсутнасьці нейкіх прэтэнзій з боку дзяржаўных органаў да гэтай канкрэтнай асобы», — расказаў генэральны пракурор Андрэй Швед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завабіць, каб кінуць за краты. Пастка вяртаньня ў Беларусь

Ён дадаў, што «крок гуманізму» тычыцца ня ўсіх беларусаў.

«Мы ні ў якім разе не павінны прапусьціць на тэрыторыю нашай краіны баевікоў і экстрэмістаў, якія могуць скарыстацца вось гэтым крокам гуманізму», — сказаў генпракурор.

Андрэй Швед зазначыў, што пакуль у камісію ніводнага звароту беларусаў аб жаданьні вярнуцца не паступала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі створаць камісію для «тых, жадае вярнуцца на радзіму, але чагосьці баіцца»

«Чалавек можа паверыць і апынуцца ў турме»

Аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў лічыць, што ўсе запрашэньні ўладаў да беларусаў вяртацца выглядаюць непераканаўча.

«Абяцаньні ўладаў ня маюць ніякай прававой падставы. Ствараецца нейкая камісія, якая будзе нешта вырашаць па кожным індывідуальным кейсе. Няясна, як гэта будзе суадносіцца з крымінальным заканадаўствам, распачатымі крымінальнымі справамі. Усё гэта робіцца за межамі прававога поля. Чалавек можа пайсьці па гэтай працэдуры і апынуцца ў турме. Было б нешта сур’ёзнае, калі б улады абвясьцілі нешта накшталт амністыі ці рашэньне аб непрыцягненьні да адказнасьці людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах за нейкі пэрыяд, дзе б пералічылі канкрэтныя крымінальныя артыкулы. Гэта б выглядала больш лягічна і бясьпечна, тады трэба было б і выпусьціць людзей, якія сядзяць па гэтых артыкулах цяпер», — кажа Андрэй Ягораў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстрэмістаў» знайшлі ў 1000 разоў больш, чым вырабілі верталётаў. Параўноўваем рэпрэсіўную вытворчасьць з прамысловай

Такія заявы ўладаў выкліканыя некалькімі прычынамі. Адна зь іх — патрэба прымірэньня для ўлады.

«Краіна не жыве нармальна, сілавыя і адміністратыўныя органы жывуць у рэжыме мабілізацыі. Ёсьць ціск унутры сыстэмы, каб гэтая сытуацыя ўжо скончылася і можна было нармальна працаваць для вырашэньня гаспадарчых ды іншых задач. Таксама такія дзеяньні могуць мець на мэце правакаваць дадатковыя канфлікты ўнутры апазыцыі. Працяг сытуацыі радыкалізуе людзей, улады хочуць скараціць гэтую радыкалізацыю. Таксама ва ўладаў недахоп кадраў па шэрагу спэцыяльнасьцяў», — падсумоўвае Андрэй Ягораў.

Па падліках экспэртаў Beroc, пасьля палітычнага крызісу зь Беларусі выехала ад 100 да 200 тысяч чалавек. Пры гэтым людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь, працягваюць затрымліваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля 2020 году з краіны выехалі дакладна больш за 100 тысяч чалавек». Эканаміст раіць, што рабіць з дэмаграфічным крызісам у Беларусі

Сілавікі затрымлівалі беларусаў як адразу пасьля перасячэньня дзяржаўнай мяжы, так і празь некалькі дзён пасьля іх прыезду на радзіму. Кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Беларусі Анатоль Лапо заявіў напярэдадні, што пры ўезьдзе ў Беларусь летась за «экстрэмізм» затрымалі звыш 50 чалавек.

Гэтымі днямі ў Гомлі праходзіць закрыты судовы працэс над адміністратарам пратэставых чатаў «97%» Тацянай Курылінай. 49-гадовая актывістка вярнулася ў Беларусь, паверыўшы ў праграму «Дарога дадому». Пасьля вяртаньня з-за мяжы яе затрымалі і абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу. Сілавікі ініцыявалі праграму «Дарога дадому», якая, паводле іх, «дазваляе тым, хто выехаў, вярнуцца без наступстваў».