Беларусь «дасягнула істотных вынікаў у стварэньні грузавога і пасажырскага электратранспарту», цяпер «справа засталася за легкавым», заявіў прэм'ер-міністар Раман Галоўчанка 25 студзеня на нарадзе ва ўрадзе.
Паводле яго, праведзена «значная навукова-дасьледчая праца», створана «значная колькасьць элемэнтаў» сілавой устаноўкі, электраабсталяваньня, якое выкарыстоўваецца ў цягавых прыладах.
«Гэта ўсё трэба сабраць разам і выйсьці на канцэптуальныя рашэньні ў кірунку стварэньня цалкам уласнага легкавога электрамабіля», — заявіў чыноўнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ўрад абвясьціў новыя стымулы для пакупнікоў электрамабіляў- 22 кастрычніка Лукашэнка даручыў пашырыць выкарыстаньне ў Беларусі электратранспарту, паколькі «ўжо практычна ўсе краіны ідуць гэтым шляхам», а таксама з «улікам запуску Беларускай АЭС». Месяцам пазьней ён падпісаў указ № 447 аб стымуляваньні выкарыстаньня электрамабіляў.
- 10 верасьня Абʼяднаны інстытут машынабудаваньня Акадэміі навук Беларусі прадставіў «першы айчынны спартовы электрамабіль» на ралі Minsk ELECTRO-2022. Начальнік навукова-інжынірынгавага цэнтру АІМ Аляксандар Бялевіч паведаміў, што «большасьць электронікі ў электрамабілі, у тым ліку сыстэма кіраваньня, уласнай вытворчасьці».
- Раней прадстаўнікі Акадэміі навук неаднаразова заяўлялі пра намер стварыць айчынны электрамабіль. Прадстаўленыя пасьля ўзоры мелі абмежаваную ступень лякалізацыі. Навукоўцы ня раз заяўлялі аб складанасьці арганізацыі поўнага цыклю вытворчасьці электрамабіляў у Беларусі, у тым ліку з прычыны спэцыфікі вырабу батарэй, адсутнасьці лініі для вытворчасьці кузаваў і інш.
- На прэс-канфэрэнцыі 17 лістапада дырэктар СЗАТ «БелДжы» Генадзь Сьвідзерскі назваў «пэрспэктыўным напрамкам» распрацоўку «саюзнага» электрамабіля.