Папа працытаваў Катэхізіс Каталіцкай царквы, нагадаўшы, што геяў трэба прымаць і паважаць, іх не павінны маргіналізаваць і дыскрымінаваць. Аб гэтым Францішак сказаў у інтэрвію агенцтву Associated Press.
«Быць гомасэксуалам — гэта не злачынства», — падкрэсьліў кіраўнік Каталіцкай царквы.
Больш за 60 краін сьвету крыміналізуюць гомасэксуальныя адносіны, у 11 зь іх за аднаполы сэкс пагражае сьмяротная кара. Яшчэ ў многіх краінах, у тым ліку ў Расеі, гомасэксуальнасьць не крыміналізаваная, аднак законы садзейнічаюць перасьледу, стыгматызацыі і гвалту ў дачыненьні ЛГБТ+.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі назваў вайну Расеі ва Ўкраіне «злачынствам супраць Бога»Назваўшы такія законы несправядлівымі, Францішак сказаў, што Каталіцкая царква можа і павінна працаваць над тым, каб пакласьці ім канец. Папа дадаў, што біскупы, якія падтрымліваюць падобныя законы, павінны «прайсьці працэс навяртаньня» і праяўляць лагоду.
Пры гэтым Францішак адзначыў, што, хаця быць гомасэксуалам не злачынства, але гэта грэх. У размове з журналістамі AP ён прапанаваў «спачатку правесьці адрозненьне паміж грахом і злачынствам» і нагадаў, што адсутнасьць міласэрнасьці таксама зьяўляецца грахом.
Каталіцкая царква не прызнае аднаполых шлюбаў, «бо Бог ня можа дабраслаўляць грэх», гаворыцца ў дэкрэце Ватыкану ад 2021 году.
Раней Англіканская царква папрасіла прабачэньня ў хрысьціянаў ЛГБТ+ за адмову аднаполым парам браць шлюб у сваіх храмах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Бэнэдыкт XVI мог бы навучыць Лукашэнку (і ня толькі)