Як паведамляе тэлеграм-канал «Пул першага», візыты адбудуцца на запрашэньні кіраўніцтва краінаў.
11 студзеня міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік сустракаўся з паслом ААЭ ў Беларусі Ібрагімам Салімам Мухамедам аль-Мушарахам, разглядаліся «актуальныя пытаньні беларуска-эмірацкага супрацоўніцтва і былі абмеркаваныя двухбаковыя мерапрыемствы, заплянаваныя на найбліжэйшую пэрспэктыву».
Некаторыя камэрцыйныя інтарэсы ў ААЭ
- У ААЭ знаходзяцца штаб-кватэры беларускіх кампаніяў Sohra Mining DMCC і Aftrade DMCC, якія зьвязваюць з набліжанымі да Лукашэнкі бізнэсоўцамі Аляксандрам Зайцавым і Аляксандрам Зінгманам. Sohra Mining спрабавала пачаць здабычу карысных выкапняў на тэрыторыях Судану і Ганы, а Aftrade пастаўляе беларускую тэхніку і інвэстуе ў горную галіну, энэргетыку, сельскую гаспадарку ў Зымбабвэ і шэрагу іншых краін Афрыкі.
- Рэзыдэнтам free zone у ААЭ зьяўлялася кампанія Sohra Overseas — ключавы актыў Аляксандра Зайцава, празь якую ён прадаваў тэхніку беларускіх машынабудаўнічых заводаў на рынках Блізкага Ўсходу і Афрыкі. У сярэдзіне 2021 году беларуская юрыдычная асоба «Сохра» трапіла пад санкцыі ЭЗ, а сам бізнэсовец у пачатку 2022-га апынуўся ў чорным сьпісе ЗША.
- У адной з найбуйнейшых прамысловых free zone краіны зь сярэдзіны 2000-х зарэгістраваны найстарэйшы рэзыдэнт з капіталам зь Беларусі. Гэта «дачка» спэцэкспартэра «Белтэхэкспарт» і рэгулярны ўдзельнік і арганізатар беларускага стэнда на найбуйнейшай у сьвеце выставе ўзбраеньняў IDEX Beltech Export FZE. У 2023 годзе ў Абу-Дабі зноў пройдзе выстава ўзбраеньняў.
Некаторыя палітычныя інтарэсы ў ААЭ
- У канцы 2021 году экспэрты Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) апублікавалі даклад, прысьвечаны выкарыстаньню беларускімі сілавікамі зброі супраць мірных дэманстрантаў. Аўтары дасьледаваньня сьцьвярджаюць: нягледзячы на эмбарга 2011 году, беларускія спэцслужбы валодаюць узбраеньнем і спэцсродкамі найноўшых заходніх узораў. Гэта можа сьведчыць пра існаваньне альтэрнатыўных каналаў паставак, сярод іх называліся і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
- Падчас мігранцкага крызісу 2021 году ўцекачы прыбывалі на беларускую тэрыторыю ў тым ліку з ААЭ. Тады Лукашэнка выказваў спадзеў на дапамогу ва ўрэгуляваньні крызісу на Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Паводле Лукашэнкі, ААЭ гатовыя былі падставіць сваё плячо ва ўрэгуляваньні крызісу на мяжы і ён зьбіраўся пра гэта пагутарыць з кіраўніцтвам краіны. Пра тое, ці зьдзейсьніў ён свой намер, пазьней не паведамлялася.
- У інтэрвію каналу Sky News Arabia, якую паказалі на «Беларусь-1» у ліпені 2021, Лукашэнка прапаноўваў ААЭ стаць пасярэднікам у перамовах Беларусі з Захадам. «Калі эўрапейцы прымаюць вашу прапанову да дыялёгу і пасярэдніцтва, то Эміраты маглі б стаць такім пасярэднікам. Я за», — сказаў Лукашэнка. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў ААЭ стаць пасярэднікам у перамовах з Захадам
Некаторыя камэрцыйныя інтарэсы ў Зымбабвэ
16 студзеня Аляксандар Лукашэнка ўказам нумар 8 ухваліў праект пагадненьня аб заахвочваньні і ўзаемнай абароне інвэстыцый з Зымбабвэ, паведаміла яго прэс-служба.
- Зымбабвэ ўваходзіць у групу краін, якія рэгулярна салідарызуюцца з афіцыйным Менскам на міжнародных пляцоўках.
- Адносіны з краінай курыруе былы кіраўнік спраў і даўні паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман. Афіцыйна пра яго пасаду не паведамлялася, аднак СМІ называюць яго «адмысловым прадстаўніком» Лукашэнкі.
- У 2021 годзе сьледчыя літоўскага цэнтру Siena, аб’яднаньня журналістаў-сьледчых OCCRP і Беларусскага расьсьледвальніцкага цэнтру, вывучыўшы «Дасье Пандоры», высьветлілі, што сын былога кіраўніка спраў прэзыдэнта Беларусі Віктара Шэймана Сяргей і бізнэсовец Аляксандар Зінгман, які зьяўляецца ганаровым консулам Зымбабвэ ў Беларусі, праз афшорную кампанію валодаюць доляй у фірме Zim Goldfields, якая здабывае золата ў Зымбабвэ.
- У кастрычніку 2021 году беларускія расьсьледнікі атрымалі доступ да архіва дакумэнтаў з Pandora Papers і высьветлілі, што ў красавіку 2018 году было заснаванае сумеснае прадпрыемства па здабычы золата Zim Goldfields Pvt Ltd, дзе 70% належалі брытанскай кампаніі Midlands Goldfields Limited, якая празь некалькі пракладак належала Сяргею Шэйману, партнэрам якога быў Аляксандар Зінгман. Сяргей Шэйман – сын набліжанага да Лукашэнкі Віктара Шэймана. Аляксандр Зінгман – ключавы бізнэсовец у атачэньні Лукашэнкі, які адказвае за адносіны з Зымбабвэ. Ён таксама зьяўляецца ганаровым консулам Зымбабвэ ў Беларусі. У траўні 2018 Zim Goldfields Pvt Ltd атрымала грант на пошук і здабычу золата ў Зымбабвэ.