Законапраект прадстаўлялі міністар юстыцыі Сяргей Хаменка і старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Генадзь Давыдзька, паведаміла прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.
Яшчэ ў лістападзе 2022 Давыдзька патлумачыў, чаму стаў адным з ініцыятараў законапраекту: «Сьвет страчвае бачнасьць дэмакратыі; мы, наадварот, нарошчваем гэтыя інстытуты», — заявіў Давыдзька і прапанаваў «даць большую свабоду для палітычнага волевыяўленьня», каб не паўтарыліся падзеі 2020 году.
Праект закону вызначае патрабаваньні да палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку ў кантэксьце ўдзелу ГА ў рабоце «ўсебеларускага народнага сходу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыі, якія «нясуць шкоду», маюць замежныя грошы і заснавальнікаў ці сяброў не ў Беларусі, прапануюць зьліквідавацьЗаконапраект прадугледжвае:
- павелічэньне мінімальнага парогу колькасьці для стварэньня палітычнай партыі да 5000 чалавек;
- неабходнасьць стварэньня арганізацыйных структур палітычных партый у кожнай вобласьці і горадзе Менску, а таксама ня менш як у 1/3 раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкаваньня ва ўсіх абласьцях краіны і ня менш як у 1/3 раёнаў Менску;
- выключэньне забароны фінансаваньня за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовага бюджэту;
- павышэньне патрабаваньняў да заснавальнікаў палітычнай партыі, якімі змогуць быць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне і дасягнулі 18-гадовага ўзросту;
- абраньне кіроўнага органа палітычнай партыі не радзей за адзін раз на пяць гадоў;
- абмежаваньне памеру грашовых сродкаў і іншай маёмасьці ад адной арганізацыі або грамадзяніна да 1000 базавых велічынь на год;
- магчымасьць ліквідацыі палітычнай партыі ў выпадку прапаганды вайны, тэрарыстычнай, экстрэмісцкай, іншай забароненай заканадаўствам дзейнасьці, дзейнасьці, якая наносіць шкоду дзяржаўным і (або) грамадзкім інтарэсам, а таксама атрыманьня грашовых сродкаў і іншай маёмасьці з замежных крыніц;
- вызначэньне ўнівэрсальных асноўных мэт і задач, якія павінны быць замацаваны ў статутах, разам зь іншымі мэтамі і задачамі, спэцыфічнымі для кожнай палітычнай партыі (забесьпячэньне непахіснасьці канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды, удзел у кіраваньні дзяржавай праз сваіх прадстаўнікоў, садзейнічаньне рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў грамадзян і інш.);
- неабходнасьць перарэгістрацыі палітычных партый на працягу 6 месяцаў.
Сярод прапанаваных навацый у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях»:
- вызначэньне абавязку для рэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласьцях краіны і Менску;
- магчымасьць падачы дакумэнтаў для дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у электронным выглядзе;
- спрашчэньне патрабаваньняў да юрыдычнага адрасу грамадзкага аб’яднаньня.
- Ціск на палітычныя партыі і «зачыстка» палітычнага поля ад партый, ня згодных з палітыкай Лукашэнкі, адбываецца з 2020 году. Некаторыя іх дзеячы ў турмах. Лідэры дзьвюх зарэгістраваных партыяў (АГП і БНФ) Мікалай Казлоў і Рыгор Кастусёў, а таксама лідэр аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД) Павал Севярынец асуджаныя паводле «палітычных» артыкулаў.
- У жніўні 2022 кіраўнік прэыздэнцкай Адміністрацыі Ігар Сергяенка казаў, што ў Беларусі цяпер функцыянуюць 15 палітычных партый.