Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», грунтуючыся на атрыманых сьведчаньнях, адміністрацыя калёніі ўвесь час аказвае ціск на жанчын: іх прымушаюць прыбіраць сьнег на тэрыторыі калёніі, працаваць амаль без выходных. Па надуманых прычынах на іх складаюць рапарты за «парушэньне правілаў унутранага распарадку» і пазбаўляюць пасылак, спатканьняў, а таксама зьмяшчаюць у штрафны ізалятар і памяшканьні камэрнага тыпу.
Праца без выходных і прыбіраньне сьнегу
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя гомельскай калёніі № 4 пачала складаць сьпісы жанчын, якія зьяўляюцца вайсковаабавязанымі.
Апошнія некалькі месяцаў зьняволеныя жанчыны працуюць толькі з двума выходнымі ў месяц. Пры гэтым у вольны час яны таксама вымушаны ўвесь час чысьціць сьнег і хадзіць на дзяжурствы. Амаль усе нядзелі для жанчын у калёніі працоўныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ШЫЗА, ПКТ, «крытая» турма і плёткі пра «нізкі статус». Як рэжым помсьціць Сяргею Ціханоўскаму і ягонаму атачэньнюЗа размовы пра палітыку — спагнаньне
Амаль адразу па прыбыцьці ў калёнію адміністрацыя пачынае дамагацца падпісаньня паперы аб прызнаньні віны палітзьняволенымі. Жанчыны лічаць, што адміністрацыі важна, каб чалавек прызнаў сваю віну ўжо менавіта ў папраўчай установе.
Усіх палітычных зьняволеных амаль адразу ставяць на ўлік як схільных «да экстрэмізму і дэструктыўнай дзейнасьці», а некаторых таксама як «схільных да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю». Таму ўсе жанчыны, асуджаныя па палітычных матывах, ходзяць у калёніі з жоўтымі біркамі.
Камунікацыі паміж палітзьняволенымі адміністрацыяй не вітаюцца, а за размовы пра палітычныя падзеі ў краіне іх могуць пакараць суткамі ў ШІЗА. Хаця фармальна прычына парушэньня будзе мець іншую назву. Зьняволеныя ў калёніі знаходзяцца ў інфармацыйным вакуўме. Адзіная крыніца — прапагандысцкія навіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Алену Гнаўк пазбавілі перадач і спатканьняў, Кацярыну Андрэеву этапавалі ў ГомельШІЗА, ПКТ, катаваньне холадам і завядзеньне новай крымінальнай справы
За парушэньне правілаў унутранага распарадку (ПУР) жанчын караюць суткамі ў штрафным ізалятары (ШІЗА), а пасьля пераводзяць на некалькі месяцаў у памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ).
Напрыклад, нядаўна адміністрацыя зьмясьціла палітзьняволеную актывістку з Пружанаў Алену Гнаўк у ПКТ да 24 лютага, а перад гэтым некаторы час утрымлівала яе ў ШІЗА.
У лістападзе на 10 сутак у штрафны ізалятар адправілі і Марыю Калесьнікаву, зь якой у калёніі забаронена камунікаваць астатнім зьняволеным.
Камэра штрафнога ізалятару вельмі маленькая і халодная. Там ёсьць толькі драўляная «нара», якая адшпільваецца ад сьцяны з 21:00 і да 5:00. Увесь астатні час зьняволеным дазволена або хадзіць па камэры, або сядзець на каменным «пуфіку», як яго называюць самі супрацоўнікі. Пасьцельныя прыналежнасьці і бялізну не выдаюць. Прагулкі жанчынам у ШІЗА забаронены. Ні званкоў, ні пасылак, ні лістоў. Увесь час гарыць сьвятло.
Акенца ў камэрах ёсьць, але ў рамах вельмі вялікія шчыліны, праз што ўвесь час скразьняк. Адзеньне ў жанчын забіраюць і выдаюць замест яго адмысловае для штрафнога ізалятару. Таксама ўжо цягам больш за паўтара года паводле загаду адміністрацыі калёніі палітзьняволеным на ноч не выдаюць целагрэйкі, таму накрывацца там няма чым. Такія ўмовы жанчыны расцэньваюць як катаваньні холадам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Калесьнікаву перавялі з санчасткі ў атрад, яна ўжо працуе«Калектыўная адказнасьць»
Часьцей за ўсё адміністрацыя пазбаўляе пасылак, спатканьняў або загружае жанчын дзяжурствамі. Вядомыя выпадкі, калі ім могуць падкідваць таблеткі, лязо або іголкі, за што выпісваюць рапарты.
У якасьці дадатковага ціску выкарыстоўваецца «калектыўная адказнасьць» — калі за «парушэньне правілаў» адной жанчынай караюць увесь атрад. Формы пакараньня розныя: стаяць ад некалькіх хвілінаў да трох гадзінаў на дварэ і чытаць ПУР (правілы ўнутранага распарадку) услых, хадзіць вакол будынку або хадзіць ад атраду да КПП (кантрольна-прапускны пункт) з усімі сваімі рэчамі, скрынямі і торбамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 студзеня: пэнсіянэрцы прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі» за камэнтар у TelegramПалітзьняволеным не аказваецца належная мэдычная дапамога
У калёніі жанчынам нельга пры сабе захоўваць большасьць лекаў, а ад хранічных захворваньняў лекі атрымліваюць ад фэльчара штодзённа пасьля працяглага чаканьня ў чарзе. Каб трапіць да лекара і атрымаць больш сур’ёзную дапамогу трэба пісаць адмысловую заяву і чакаць свая чаргу. Пералік лекаў ва ўстанове вельмі абмежаваны, таму шмат жанчын увесь час хварэюць і ў іх абвастраюцца хранічныя хваробы.
Па словах зьняволеных, у санчастку трапіць вельмі складана. Гэта можа адбыцца, калі адміністрацыя пачынае хвалявацца не за стан зьняволенай, а за тое, што можа быць адказнасьць за неаказаную своечасова мэдычную дапамогу.
Так было і з Марыяй Калесьнікавай. У штрафным ізалятары, куды яе зьмясьцілі на 10 сутак, было вельмі холадна, праз што палітзьняволеная амаль ня спала. Некалькі разоў яна губляла прытомнасьць, у яе быў павышаны ціск і млоснасьць. У тым ліку яна страціла прытомнасьць у душы і пры падзеньні падрапала ногі. У выніку крызіс са здароўем у палітзьняволенай пачаўся 28 лістапада, калі «да праблем з ціскам, млоснасьцю і прытомнасьцю дадаўся пакутлівы боль у страўніку». Пасьля гэтага Калесьнікавай зрабілі лепараскапічную апэрацыю і пэўны час утрымлівалі ў санчастцы калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Фядута выйшаў з турэмнага шпіталя і бярэцца за кінасцэнар; Есьмановіч цалкам адбыў за «справу Зельцара»