Як паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі, Марыю Калесьнікаву перавялі з санчасткі ў атрад. Яна ўжо пачала працаваць, але стамляецца пасьля зьмены. Таксама Марыя пачынае паволі набіраць вагу.
Моцнае пагаршэньне здароўя палітзьняволенай пачалося 28 лістапада, калі «да праблем зь ціскам, млоснасьцю і прытомнасьцю дадаўся нясьцерпны боль у страўніку». Пасьля гэтага Калесьнікавай зрабілі ляпараскапічную апэрацыю.
Перад шпіталізацыяй яе зьмясьцілі ў ШЫЗА на 10 дзён. Там было вельмі холадна, ад чаго палітзняволеная амаль ня спала. Некалькі разоў яна страчвала прытомнасьць, у яе быў павышаны ціск і млосьць. У тым ліку яна страціла прытомнасьць у душы і пры падзеньні падрапала ногі.