Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium разважаюць намесьнік камандзіра палку Каліноўскага Вадзім Кабанчук і палітычны аналітык Павел Сьлюнькін.
«Дамаўляцца з гэтай асобай — такі сабе занятак. Для мяне з гісторыі вядома, чым заканчваюцца такія пакты Молатава-Рыбэнтропа. Я ва Ўкраіне жыву з 2014 году, і таму дзіўна чуць такое, бо нешта падобнае ў найноўшай гісторыі Ўкраіны ўжо было. Калісьці выканаўца абавязкаў кіраўніка дзяржавы Аляксандар Турчынаў сустрэўся з Лукашэнкам і пасьля сказаў, што яны размаўлялі пра магчымы напад з боку Беларусі. Лукашэнка нібыта яму паабяцаў, што калі і будзе такі напад, то ён яго папярэдзіць за некалькі дзён. Як бачым, гэтае слова не было стрымана. Камэнтаваць заявы гэтага пэрсанажа ня хочацца. Ня ведаю, хто да яго ва Ўкраіне сур’ёзна ставіцца», — лічыць Вадзім Кабанчук.
«Лукашэнка можа мэтафарычна апісваць падзеі і кантакты, якія існуюць на розных узроўнях, паміж сілавымі структурамі, паміж грамадзянскімі структурамі, наконт вайны і ўдзелу ў ёй Беларусі.Я думаю, што ён меў на ўвазе, што Ўкраіна вельмі б не хацела, каб ён накіроўваў ва Ўкраіну сваю армію. Беларускі рэжым вельмі добра карыстаецца гэтым страхам. Ён працягвае сябе пазыцыянаваць як краіну, якая знаходзіцца пад ціскам Масквы, якая ня хоча ўцягвацца ў вайну і патрабуе ўступак для сябе, каб гэтага не адбылося. І ўкраінскі бок гатовы на пэўныя дамоўленасьці». — гаворыць Павел Сьлюнькін.
Ён перакананы, што ад лютага 2022 году вайсковы сувэрэнітэт Беларусі моцна зьменшыўся і што ён цяпер залежыць ад Уладзіміра Пуціна значна больш.
«Калі ўдзел Беларусі ў вайне стане для Расеі пытаньнем жыцьця ці сьмерці, то ва Ўладзімера Пуціна знойдуцца ня толькі аргумэнты, але і варыянты, як вымусіць Лукашэнку гэта зрабіць. Зараз відавочна, што гэтага ціску проста няма. Для Расеі рызыкі ўцягненьня Беларусі ў вайну значна вышэйшыя, чым тыя выгоды, якія яна зможа ад гэтага атрымаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не прымаю адмовы нам у гонары». Вядомыя беларусы адрэагавалі на словы Зяленскага з нагоды пачатку паўстаньня 1863 году