Пра гэта паведамляецца ў дакладзе ўкраінскай вайсковай выведкі пра расейскіх наймітаў, зь якім азнаёміўся тэлеканал CNN.
У дакумэнце апісваецца, як менавіта наймітаў выкарыстоўваюць у баявых дзеяньнях. Так, напрыклад, ім забаронена адыходзіць без каманды — самавольны адыход караецца расстрэлам на месцы. Выносіць параненых з поля бою таксама забараняецца; яны могуць сплываць крывёю гадзінамі, пакуль іх не забяруць уначы.
Аналітыкі называюць тактыку ПВК эфэктыўнай у параўнаньні з дрэнна падрыхтаванымі войскамі, аснову якіх складаюць мабілізаваныя. Яны заўважылі і зьмены, якія на ўзор «Вагнэра» ўводзіць расейскае войска. За апошні час замест батальённых тактычных груп усё часьцей сталі выкарыстоўваць штурмавыя падразьдзяленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША прызнаюць «ПВК Вагнэра» міжнароднай злачыннай арганізацыяйАснова «Вагнэра» на вайне ва Ўкраіне — штурмавыя групы па 12 ці менш чалавек, якія нясуць на сабе рэактыўныя гранатамёты, і выведныя дроны, што сочаць за імі зьверху і пастаўляюць інфармацыю пра напад і супрацьдзеяньне яму ў штаб. Асобна ўкраінская выведка адзначае, што найміты выкарыстоўваюць радыёстанцыі Motorola, у той час як рэгулярныя войскі карыстаюцца таньнейшымі кітайскімі радыёстанцыямі.
У першай хвалі ў атаку ідуць завэрбаваныя зьняволеныя — іх страты складаюць да 80%. За імі ідуць больш дасьведчаныя байцы зь цеплавізарамі і прыборамі начнога бачаньня. Калі яны дасягаюць умацаваньняў, дзе сядзяць украінскія вайскоўцы, то пачынаецца гранатамётны абстрэл траншэй. Так сілы ПВК «Вагнэр» могуць займаць пазыцыі. Утрымліваць іх ужо выходзіць горш, бо няма належнай каардынацыі паміж наймітамі і рэгулярным расейскім войскам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пяцісотыя». Як расейцы дэзэртуюць з войска ва Ўкраіне. ВІДЭА