Шырокае прымяненьне айчыннай вакцыны ад COVID-19 плянуецца пачаць у Беларусі ў 2024 годзе, паведаміў 24 студзеня міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч, паведамляе БелТА.
«Мы атрымаем досьледна-прамысловую партыю, якая адправіцца на даклініку, вельмі строгую клініку. Мы плянуем зарэгістраваць вакцыну ў канцы гэтага году, — сказаў Дзьмітрый Піневіч. — Шырокае прымяненьне будзе пачата ў 2024 годзе. Але ці будзе яе шырокае прымяненьне — паглядзім».
Міністар глыбока перакананы, што пандэмія ў ранейшай форме ўжо ня вернецца. Зрэшты, важна тое, што распрацаваная айчынная вакцына зьяўляецца плятформай для стварэньня іншых інактываваных вакцын, прызначаных для прафіляктыкі вірусных захворваньняў, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пакуль не зафіксавалі выпадкаў заражэньня каранавірусам «Кракен»У гэтай сувязі ён заўважыў, што склад вакцыны, напрыклад, супраць грыпу пераглядаецца да кожнага эпідэміялягічнага сэзону з улікам прагнозаў цыркуляваньня тых ці іншых штамаў. Цяпер цыркулюе H1N1, але «мы яго не адчуваем, бо супрацьгрыпозная вакцына ўключае гэты штам», заўважыў міністар. Тыя, хто прышчапіўся, ужо маюць сфармаваны імунітэт супраць гэтай інфэкцыі.
Што тычыцца вакцыны супраць каранавірусу, былі размовы аб тым, каб уключыць у яе склад такія варыянты, як амікрон, кентаўр, кракен:
«Але ўханьскі штам як аснова дастаткова добра працуе. Наогул, вакцынацыя — гэта найперш пытаньне пераноснасьці чалавекам дадзенай інфэкцыі ў значна больш лёгкай форме», — заўважыў міністар.
Піневіч таксама расказаў пра бягучую эпідэміялягічную сытуацыю ў краіне. У прыватнасьці, каранавірус «маглі б зьняць як праблему, якая для нас важная, але мы яе маніторым», зазначыў ён. У цэлым цыркулююць каранавірус, грып, рэсьпіраторныя вірусы, і ўсе яны маюць у нечым падобныя клінічныя сымптомы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінздароўя зьмяніла правілы вакцынацыі ад COVID-19