Зразумела, што такія «фігуры замоўчваньня» ня могуць быць вынікам выпадковасьці альбо недастатковай прафэсійнай кваліфікацыі сьпічрайтэраў кіраўніка дзяржавы, якія ў любы момант могуць пракансультавацца з гісторыкамі (акадэмічная гістарычная навука ва Ўкраіне даўно пазбаўленая ўплыву «русского мира» і ўсяляк падтрымліваецца дзяржавай).
Але заявы палітыкаў з рэтраспэкцыямі ў мінуўшчыну рэдка калі маюць акадэмічны характар. Часам кажуць, што гісторыя — гэта палітыка, зьвернутая ў мінулае, і падаецца, што цяпер мы бачым менавіта такі выпадак. Прычым у яго максымальна канцэнтраваным выглядзе.
Прычына — саўдзел цяперашняга кіраўніцтва Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Аднак у такім кантэксьце заява Зяленскага можа сьведчыць пра некалькі сумнеўных пазыцый, на якіх, магчыма, базуюцца адносіны кіраўніцтва ўкраінскай дзяржавы да Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі не згадаў беларусаў у віншаваньні з угодкамі пачатку паўстаньня Каліноўскага. Рада БНР адрэагавалаНайперш гэта атаясамліваньне беларускага народу з Лукашэнкам, прызнаньне яго легітымным выразьнікам волі беларусаў, што ўжо асудзіла ў сваёй заяве Рада БНР. Такое стаўленьне супярэчыць пазыцыі заходніх саюзьнікаў Украіны, якія не прызналі сапраўднымі выбары 2020 году (а калі паглыбіцца ў гісторыю, яшчэ ў 1996 годзе назвалі дзеяньні Лукашэнкі, накіраваныя на зьмену Асноўнага закону, «антыканстытуцыйным пераваротам»).
Па-другое, гэта ігнараваньне ўкраінскім кіраўніцтвам найбольш актыўнай патрыятычнай (і, дадам, адначасна праўкраінскай) часткі беларускага грамадзтва, якая змагаецца за незалежнасьць і дэмакратычную пэрспэктыву Беларусі. А некалькі сотняў — і за незалежнасьць Украіны ў складзе фармаваньняў УСУ, у тым ліку і ў складзе палку імя Кастуся Каліноўскага.
Нельга не прыгадаць і асуджаных на вялізныя турэмныя тэрміны «рэйкавых партызанаў», і тых, каго катавалі ў ГУБАЗіКу і на Акрэсьціна за асуджэньне вайны супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ўкраінскі бок прапанаваў Беларусі заключыць пакт аб ненападзе. РэакцыіДзеля гістарычнай справядлівасьці трэба прызнаць, што спадар Зяленскі ўсяго толькі працягвае традыцыю сваіх папярэднікаў: ніводзін з прэзыдэнтаў Украіны на працягу мінулых дзесяцігодзьдзяў не сустракаўся зь лідэрамі беларускай апазыцыі альбо грамадзянскай супольнасьці (не бяру да ўвагі сэлфі ў кулюарах міжнародных самітаў).
Найбольш простае тлумачэньне — афіцыйны Кіеў заўсёды пралічваў рэальныя шанцы апазыцыі ў барацьбе за ўладу і не жадаў псаваць адносіны з тым, хто гэтую ўладу трымаў — ці то маладой жалезнай хваткай, ці то «пасінелымі пальцамі».
Ну ня ўсім жа быць Вацлавамі Гавэламі.
У сытуацыі, калі які заўгодна крок супраць Лукашэнкі можа справакаваць (ці быць нагодай) для непасрэднага ўступленьня Ўзброеных сілаў Беларусі ў вайну, такая асьцярожнасьць можа ўспрымацца як прагматызм, прадбачлівасьць.
Realpolitik, спадарыні і спадары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пачалі зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй аб разрыве дыпляматычных дачыненьняў зь БеларусьсюАднак такая пазыцыя, чым бы яна ні тлумачылася, у ідэалягічным сэнсе падмацоўвае таго, каго Кіеў справядліва лічыць сваім галоўным ворагам — Крэмль зь яго «русским миром».
Заўважце: Лукашэнка ня згадвае антырасейскае паўстаньне 1863 году, як і ўсе іншыя факты змаганьня беларускага народу супраць акупацыі Расейскай імпэрыяй (у тым ліку і зь яе рэінкарнацыяй — СССР).
У гэтым сэнсе камуністычныя ідэолягі часоў БССР былі значна больш прагрэсіўнымі за сучасных лукашэнкаўскіх: яны нават прапагандавалі барацьбу беларускага народу з «расейскім царызмам».
У інтэрпрэтацыі ж лукашэнкавых ідэолягаў беларускі народ змагаўся выключна з акупацыяй панскай Польшчы, нацысцкай Нямеччыны, а цяпер (ясна, пад чыім непахісным кіраўніцтвам) супрацьстаіць націску NATО.
І гэта цалкам упісваецца ў ідэалягічны канцэпт «русскомирских» ідэолягаў, якія заяўляюць, што Кастусь Каліноўскі — гэта не беларускі дзеяч, і ягоныя памкненьні супярэчылі «русским чаяньям исконноправославного населения Северо-Западного края».
Жадаў таго Зяленскі ці не жадаў, але сваёй заявай-ігнараваньнем ён падмацаваў гэтую сумнеўную антынавуковую праімпэрскую тэорыю.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.