Польшча накіравала Нямеччыне запыт аб пастаўках «Леапардаў» Украіне

Танк Leopard 2

Раней у Бэрліне заявілі, што Нямеччына ня будзе перашкаджаць пастаўкам танкаў з Польшчы, калі тая падасьць адпаведную заяву.

Польшча афіцыйна зьвярнулася да Нямеччыны па дазвол на пастаўкі танкаў «Леапард» Украіне, пра гэта 24 студзеня заявіў міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак.

Міністар замежных спраў ФРГ Анналена Бэрбак раней адзначыла, што Нямеччына ня будзе перашкаджаць пастаўкам танкаў з Польшчы, калі краіна падасьць адпаведную заяву. Пры гэтым Польшча распаўсюдзіла паведамленьне, што гатовая паставіць Украіне танкі «Леапард» бяз згоды Нямеччыны.

На фоне дыскусій аб магчымасьці паставак танкаў «Леапард» ва Ўкраіну нямецкі канцэрн «Rheinmetall» паведаміў, што ў яго распараджэньні знаходзіцца 139 «Леапардаў» тыпу 1 і 2, якія ён мог бы адрамантаваць. Такім чынам, тэарэтычна танкі Ўкраіне маглі б быць перададзеныя не бундэсвэрам, а непасрэдна прадпрыемствам на замову ўраду ФРГ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыял-дэмакраты Нямеччыны заявілі аб развароце ў дачыненьні да РФ

Як заявіў афіцыйны прадстаўнік прадпрыемства «Rheinmetall» Армін Папэргер, у распараджэньні канцэрну знаходзяцца 22 танкі тыпу «Леапард-2A4», якія ён можа прывесьці ў баявую гатоўнасьць для паставак Украіне. Іх рамонт будзе доўжыцца «каля году», пастаўкі магчымыя толькі ў канцы 2023 — пачатку 2024 году. Разам з гэтым Rheinmetall зможа перадаць 88 больш старых танкаў тыпу «Леапард-1».

29 танкаў тыпу «Леапард-2A4» знаходзяцца на рамонце для адпраўкі ў іншыя краіны NATO ў рамках праекту замены баявых машын савецкай вытворчасьці, перададзеных раней Украіне. Яны будуць гатовыя ўжо ў канцы красавіка — пачатку траўня 2023 году. Гэтыя 29 танкаў таксама можна будзе заплянаваць для пастаўкі ва Ўкраіну.

Кіраўнік канцэрну Армін Папэргер дапускае нават магчымасьць пастаўкі ў канцы сакавіка:

«Гэтыя танкі належаць ураду ФРГ. Ён можа рабіць зь імі ўсё што захоча», — адзначыў Папэргер.

Афіцыйны прадстаўнік канцэрну падкрэсьліў, што сытуацыя ў цэлым нестабільная з прычыны рамачных умоў, якія ставяць краіны NATO, розных прамых і непрамых паставак запчастак і складнікаў, а таксама ўмоў заказу, якія зьмяняюцца.

Украіна просіць краіны Захаду паставіць ёй асноўныя баявыя танкі, сцьвярджаючы, што яны павінны дапамагчы правесьці ў 2023 годзе наступальныя апэрацыі дзеля вызваленьня тэрыторый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія дасьць Украіне найбуйнейшы пакет вайсковай дапамогі, усяго яна патраціла на гэта 1 працэнт свайго ВУП

У NATO у сваю чаргу заклікалі паскорыць пастаўку цяжкіх узбраеньняў Украіне, пра гэта ішла гаворка 24 студзеня падчас сустрэчы генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга зь кіраўніком Мінабароны ФРН Борысам Пісторыюсам, паведамляе Deutsche Welle.

«Крамлю трэба даць зразумець, што ён не пераможа ў вайне з Украінай», — заявіў Енс Столтэнберг пасьля сустрэчы.

Столтэнберг выказаў упэўненасьць, што рашэньне па нямецкіх баявых танках Leopard для Ўкраіны прымуць ужо хутка. У сваю чаргу, Пісторыюс прызнаў, што ў NATO «няма расколу» ў гэтым пытаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі канцэрн Rheinmetall можа паставіць ва Ўкраіну 139 танкаў «Леапард»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.