Міжнародная няўрадавая арганізацыя Камітэт абароны журналістаў (CPJ) адрэагавала на пазоў Міністэрства культуры, інфармацыі, спорту і моладзевай палітыкі Кіргізстану ў суд аб спыненьні дзейнасьці ўстановы «Азатык Мэдыя» як сродку масавай інфармацыі.
«Кіргіскія ўлады павінны адклікаць сваю заяву аб закрыцьці Радыё Азатык, разблякаваць сайты выданьня, размарозіць яго банкаўскія рахункі і спыніць усе спробы прымусіць СМІ замаўчаць», — заявіла Гульноза Саід, каардынатар праграмы CPJ у Эўропе і Цэнтральнай Азіі.
У заяве CPJ зазначаецца, што Радыё Азатык — адно з самых вядомых і паважаных СМІ Кіргізстану, што яго закрыцьцё стане чорнай плямай на паказчыках свабоды слова.
Прэзыдэнт мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што карпарацыя будзе выкарыстоўваць усе даступныя прававыя сродкі для захаваньня дзейнасьці Азатыка ў Кіргізстане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Кіргізстану хочуць праз суд забараніць дзейнасьць кіргіскай службы Радыё Свабода- 26 кастрычніка 2022 году ў Кіргізстане заблякавалі сайты Азатыка. 31 кастрычніка без папярэджаньня быў заблякаваны рахунак рэдакцыі. Перад гэтым радыёстанцыі-партнэры спынілі выпуск у эфір перадач Азатыка.
- У міністэрстве растлумачылі, што гэтая мера будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль відэаматэрыял аб канфлікце на кіргіска-таджыцкай мяжы, празь які было прынятае рашэньне аб блякаваньні, ня будзе выдалены.
- Гаворка ідзе пра эфір праграмы «Настоящее время. Азия», якая выйшла ў сярэдзіне верасьня 2022 году пад загалоўкам «Цяжкія баі на мяжы Кіргізстану і Таджыкістану». У праграме, па сьцьвярджэньні ведамства, зьмяшчаюцца «элемэнты мовы варожасьці, непацьверджаная інфармацыя пра нібыта напад кіргіскага боку на Таджыкістан, інфармацыя, якая абвастрае становішча ў грамадзтве і выклікае нянавісьць, дыскрымінацыю і раскол сярод грамадзян пры асьвятленьні падзей у Баткенскай вобласьці».
- Напярэдадні стала вядома, што Міністэрства культуры, інфармацыі, спорту і моладзевай палітыкі Кіргізстану зьвярнулася ў Ленінскі раённы суд Бішкеку з пазовам аб спыненьні дзейнасьці ўстановы «Азатык Мэдыя» як сродку масавай інфармацыі. Чакаецца, што суд пачне разгляд пазову 8 лютага.