Аляксандар Фядута выйшаў з турэмнага шпіталя
«Днямі муж мне і патэлефанаваў, і ліст ад яго прыйшоў у мінулую пятніцу, — расказала «Народнай Волі» Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты. — Праз тэлефон пагаварылі ўсяго тры хвіліны, таму нічога важнага не абмяркоўвалі. Шчыра кажучы, я нават асабліва і не спадзявалася на гэты тэлефонны званок, усё было абсалютна нечакана.
Аляксандар паведаміў, што ўжо выйшаў з турэмнага шпіталя. Падлячылі яго там, крыху здароўе аднавілі.
Таксама прыйшоў і ліст. Саша напісаў, што зьбіраецца пісаць кінасцэнар, а для працы над ім будзе замаўляць пэўныя кнігі. Галоўнае, каб здароўе не падводзіла», — цытуе жонку палітвязьня сайт БАЖ.
- Літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту летась засудзілі ў справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» на 10 гадоў і паслалі адбываць пакараньне ў Магілёўскую калёнію. Там ён амаль адразу трапіў у турэмны шпіталь: абвастрыліся праблемы з сэрцам, зьявіліся ацёкі.
Выйшаў на волю палітвязень Сяргей Есьмановіч
Ён цалкам адбыў тэрмін у 2 гады калёніі агульнага рэжыму за камэнтар у «справе Зельцара».
Сяргея Есьмановіча затрымалі 30 верасьня 2021 году ў Гомлі. Ад таго часу ён утрымліваўся ў гомельскім СІЗА. 6 кастрычніка 2021 году праваабаронцы прызналі яго палітычным зьняволеным.
22 лістапада 2022 году суд прысудзіў Есьмановічу 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці альбо варажнечы», — нагадвае @viasnaHomel.
- У лістападзе 2021 году сілавікі пачалі затрымліваць і заводзіць крымінальныя справы на карыстальнікаў сацсетак за «абразьлівыя камэнтары» на адрас супрацоўніка КДБ, якога Андрэй Зельцар застрэліў пры спробе сілавікоў уварвацца ў ягоную кватэру. У гэтай справе затрымана агулам больш як 200 чалавек, пакараньне адбываюць ужо больш як 60.
Дзьмітрыя Абрамука адправілі ў ПКТ
Фігуранта берасьцейскай «Карагоднай справы» ў красавіку этапавалі ў папраўчую калёнію № 1. Неўзабаве адміністрацыя калёніі перавяла яго ў ПКТ да канца тэрміну. Пра гэта паведаміў «Вясьне» былы вязень:
«Абрамук пасьля „хіміі“ ў атрадзе № 7 прабыў 2–3 дні, потым яго перавялі ў атрад № 2. Там яму супрацоўнікі паабяцалі, што зачыняць у памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) да канца тэрміну. Так, у прынцыпе, і адбылося за чатыры месяцы. Дзесьці за 15 дзён да яго выхаду за выдуманыя парушэньні (спрачаўся з супрацоўнікам адміністрацыі, не павітаўся і г.д.) яго адправілі ў ПКТ».
17 лютага за парушэньні рэжыму ПУАТ палітвязьню замянілі 3 гады «хіміі» на 1 год, 1 месяц і 16 дзён калёніі. Пасьля гэтага ў віцебскім СІЗА-2 за парушэньні яго зьмясьцілі ў ШЫЗА на 70 сутак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Штораніцы льюць хлёрку па пяць літраў» — былы зьняволены пра ўмовы ў ШЫЗА наваполацкай калёніі