У суботу 21 студзеня адміністратар тэлеграм-канала «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» заявіў, што КДБ трымае ў закладніках ягонага непаўналетняга брата.
«15-гадовы Арцём у парушэньне ўсіх існуючых законаў і маральна-этычных нормаў трое сутак беспадстаўна ўтрымліваўся ў ІЧУ на Акрэсьціна па сфабрыкаванай крымінальнай справе па артыкуле 208 ч. 2 КК РБ (вымагальніцтва). За трое сутак знаходжаньня ў ІЧУ да дзіцяці не дапускалі ні бацькоў, ні адваката. Мы ня ведаем, што рабілі зь дзіцем увесь гэты час, у пятніцу яго вызвалілі з-пад варты і накіравалі ў „Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя“ (Навінкі), дзе ён утрымліваецца па сёньняшні дзень. Крымінальная справа ў дачыненьні да Арцёма ня спыненая, зь яго ўзятая падпіска аб нявыезьдзе», — паведаміў тэлеграм-канал.
Прыгадваем, як улады ціснулі на іншых актывістаў празь іх сваякоў.
Затрыманьні
У лістападзе мінулага году сілавікі затрымалі стрыечнага брата загінулага ва Ўкраіне байца палку Каліноўскага Васіля Парфянкова — Сяргея Бандарэнку. Яны прымусілі яго запісаць «пакаяльнае відэа», дзе Бандарэнка прызнаецца, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы».
Пасьля двух затрыманьняў Сяргей выехаў за межы Беларусі. Таксама затрымлівалі сястру і маці Васіля Парфянкова, некаторы час жанчыны знаходзіліся на Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У кабінэце ГУБАЗіКу віселі расейскія сьцягі, мяне білі нагамі па рэбрах». Брат загінулага добраахвотніка Парфянкова пра затрыманьні і ўцёкіЛетась у жніўні сілавікі затрымалі жонку стрыечнага брата Паўла Латушкі. Сьпярша правялі ператрус у яе дома, а пасьля затрымалі ў межах «народнага» артыкула 342 (удзел у масавых беспарадках). Перад гэтым быў арыштаваны і сам стрыечны брат Латушкі — Анатоль. Яго зьвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: «удзел у масавых беспарадках», «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў», «хуліганства». Анатолю прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня.
Жонку журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю асудзілі на 2 гады калёніі за інтэрвію пра мужа.
Дар’ю абвінавацілі ў тым, што яна дала камэнтар тэлеканалу «Белсат», які быў абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». У сваім камэнтары для «Белсата» Дар’я расказвала пра зьняволеньне мужа, журналіста Свабоды Ігара Лосіка, якога пакаралі 15 гадамі пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’ю Лосік пакаралі 2 гадамі калёніі за інтэрвію пра мужа-палітвязьня. Іхнай дачцэ 4 гады«Часта яны не зьвяртаюцца да праваабаронцаў»
На думку праваабаронцы «Вясны» Алеcя Буракова, выпадкаў ціску на сем’і актывістаў можа быць болей, бо ня ўся інфармацыя трапляе ў публічную прастору.
«Гэты ціск на сваякоў можна падзяліць на дзьве катэгорыі. Па-першае, амаль усе актывісты, якія атрымлівалі суткі, сутыкаліся з прэсінгам сілавікоў. Напрыклад, жонка актыўна ўдзельнічала ў пратэстах, тады ў мужа ўзьнікалі праблемы на працы на дзяржаўным прадпрыемстве. Другі варыянт — гэта мэтанакіраваны кропкавы ўдар па тых, каго дзяржава лічыць зацятымі ворагамі. Часта, калі ціснуць на сваякоў, то яны не зьвяртаюцца да праваабаронцаў, і таму мы даведваемся пра гэта ад іншых людзей. Гэта можа быць зьвязана з адлічэньнем з вучобы, ці звальненьнем, але ёсьць больш жорсткія выпадкі», — кажа Алесь Буракоў.
Праваабаронца кажа, што цяпер улады дзейнічаюць «любымі мэтадамі».
«Дзяржава і раней змагалася з актывістамі, аднак такога кшталту ціск на родных актывістаў немагчыма было б уявіць, напрыклад, у 2018 годзе. Раней мы ня ведалі, што ў Беларусі так масава парушаюцца правы чалавека, але гісторыя з братам адміністратара канала чыгуначнікаў — па-за межамі дабра і зла. Яны дзейнічаюць любымі мэтадамі», — кажа Буракоў.