Эстонія плянуе ўвесьці рэжым прыбярэжнай «прылеглай зоны» ў Фінскім заліве. Гэта можа закрыць яго для расейскага суднаходзтва

Талін

МЗС Эстоніі прапанавала ўраду краіны ўвесьці рэжым прыбярэжнай «прылеглай зоны» ў Фінскім заліве, што можа абмежаваць доступ у акваторыю расейскім суднам, піша ERR.

Урад Эстоніі, у сваю чаргу, даручыў міністэрствам на працягу месяца выпрацаваць сваю пазыцыю па пытаньні аб увядзеньні прылеглай зоны. Увядзеньне гэтай меры дасьць магчымасьць Эстоніі прымяняць свае законы і затрымліваць парушальнікаў у шырэйшай марской зоне, а таксама фактычна закрые Балтыку для расейскага суднаходзтва.

Рэжым «прылеглай зоны» будзе распаўсюджвацца ў межах 24 марскіх міль ад зыходнай лініі тэрытарыяльнага мора Эстоніі і пакрываць увесь Фінскі заліў. «Гэта аказала б станоўчы ўплыў на бясьпеку Эстоніі, абарону навакольнага асяродзьдзя, а таксама археалягічных і гістарычных аб’ектаў, знойдзеных у моры», — растлумачыў ініцыятыву кіраўнік эстонскага МЗС Урмас Рэйнсалу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія дасьць Украіне найбуйнейшы пакет вайсковай дапамогі, усяго яна патраціла на гэта 1 працэнт свайго ВУП

У выпадку ўвядзеньня рэжыму «прылеглай зоны» эстонскія спэцслужбы змогуць надглядаць расейскія вайсковыя караблі і цывільныя судны, якія выходзяць з партоў Ленінградзкай вобласьці і з Кранштату. У выпадку адмовы ад надгляду ім будзе забаронены праход празь Фінскі заліў.

«Прылеглая зона» стала б дадатковай марской зонай, якая кантралюецца Эстоніяй і выходзіць за межы 12-мільнага тэрытарыяльнага мора, адзначыла дырэктарка бюро міжнароднага права МЗС Крысьці Ланд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Кіргізстану хочуць праз суд забараніць дзейнасьць кіргіскай службы Радыё Свабода