Зноў гарэла новая ўстаноўка на Мазырскім НПЗ

Мазырскі НПЗ

Новая ўстаноўка гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў працягвае ствараць праблемы для Мазырскага НПЗ.

У ноч на 23 студзеня на новай устаноўцы гідракрэкінгу зноў адбыўся пажар. На ёй цяпер праводзяцца пусканаладачныя работы.

23 студзеня ў 3:32 паведамілі, што адбыўся выцек газу, у якім ёсьць вадарод, і дызэльнай фракцыі. Яны загарэліся.

Пажар зьліквідавалі, ніхто пры гэтым не пацярпеў, тэхналягічны працэс не парушыўся. Работнікі МНС ахалоджвалі тэхналягічныя канструкцыі з мэтай іх аховы.

19 студзеня на ўстаноўцы ўжо здарыўся пажар. Тады адбылася разгермэтызацыя фільтра, у выніку чаго адбыўся выхад гідрагенізату з наступным гарэньнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На заводзе «Беларусь-МТЗ» у Санкт-Пецярбургу маштабны пажар, ёсьць ахвяры

Шмат гадоў Беларусь набывала нафту ў Расеі, перапрацоўвала яе на сваіх НПЗ і прадавала нафтапрадукты на Захад і ва Ўкраіну. Нафтаперапрацоўка была адной з асноўных крыніц прытоку грошай у Беларусь, але з увядзеньнем санкцый Эўразьвязу Беларусь пазбавілася гэтай крыніцы даходу. Адмовіліся ад беларускіх нафтапрадуктаў і ва Ўкраіне, НПЗ трапіў пад санкцыі і там.

Вядома, што на Мазырскім НПЗ ад красавіка 2022-га ўзмоцненая ўзброеная ахова, за прадпрыемствам стаіць сыстэма СПА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мінімальная загрузка, абяцаюць скарачэньні». Што адбываецца зь беларускай нафтаперапрацоўкай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрарадыё: На Беларускай АЭС магло адбыцца апраменьваньне пэрсаналу. Мінэнэрга абвяргае