Па заяве пракуратуры Ленінскага раёну Менску Telegram-канал газэты «Новы час» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», паведаміла Генэральная пракуратура Беларусі.
«Новы час» — адна зь незалежных беларускіх газэт, якая выходзіла як на паперы, так і ў электронным выглядзе на беларускай мове і трапіла пад перасьлед уладаў. 15 чэрвеня 2022 галоўную рэдактару выданьня Аксану Колб асудзілі на 2,5 года «хіміі», неўзабаве пасьля гэтага яна выехала зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі, якія хацелі бачыць мяне за кратамі, вырашылі, што 2,5 года „хіміі“ для мяне замала». Рэдактарка «Новага часу» пра ад’езд зь БеларусіЦяпер «Новы час» мае сайт і старонкі ў сацыяльных сетках, у тым ліку тэлеграм-канал.
У 2021–2022 гадах па заявах МУС «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі 778 тэлеграм-каналаў і іншых інтэрнэт-рэсурсаў. Больш за 300 тэлеграм-каналаў і чатаў прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «УКантакце» блякуе суполкі беларускіх недзяржаўных арганізацый і незалежных СМІШто трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.