Падзеі 1863 году аб’ядноўваюць Беларусь, Літву, Польшчу і Ўкраіну, бо народы гэтых краін «адмовіліся жыць пад прыгнётам акупантаў і паўсталі за сваю зямлю і сваю годнасьць», адзначыла Сьвятлана Ціханоўская 22 студзеня ў Вільні на цырымоніі, прысьвечанай 160-годзьдзю з дня пачатку паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Імпрэза ў капліцы на могілках Росы, дзе пахавалі парэшткі 20 паўстанцаў, у тым ліку Каліноўскага, прайшла з удзелам прэзыдэнта Літвы Гітанаса Наўседы, а таксама паслоў Польшчы Ўршулі Дарашэўскай і Ўкраіны Пятра Бэшты, якія працуюць у Літве.
«Апошнія падзеі ў Беларусі і Ўкраіне паказваюць, што мэты паўстанцаў трэба адстойваць безупынна. Імпэрыя зноў грукаецца ў наш дом, імкнецца нас зьнішчыць ці падпарадкаваць, — заявіла Ціханоўская. — Сіла, якую знайшлі ў сабе нашыя з вамі землякі, каб супрацьстаяць Расейскай імпэрыі, нават коштам уласнага жыцьця — гэта сіла, якую яны перадалі і нам праз паўтара стагодзьдзя. Гэтая сіла — у любові да сваёй зямлі, любові да свайго народу. Гэтая сіла — у свабодзе, гэтая сіла — у сьмеласьці, якую кожны з нас здольны знайсьці ў сабе, каб зьдзейсьніць подзьвіг».
Паводле яе, героі паўстаньня 1863 году і сёньня застаюцца крыніцай «сілы, нацыянальнага гонару і годнасьці».
«Яны дапамагаюць беларусам супрацьстаяць тыранічнаму рэжыму Лукашэнкі і імпэрскай агрэсіі Расеі. Каліноўскі, які кіраваў паўстаньнем на тэрыторыі Беларусі, ёміста сфармуляваў нацыянальную ідэю Беларусі: толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табой ня будзе чужой улады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калыска для Кастуся КаліноўскагаБеларусам, падкрэсьліла дэмакратычная лідэрка, «ня трэба чужога».
«Проста дайце нам быць гаспадарамі ў сваёй краіне. Мы хочам будаваць Беларусь свабоднай і незалежнай дзяржавай, і імя Кастуся Каліноўскага працягвае натхняць нас у гэтай справе», — сказала Ціханоўская.
Яна адзначыла, што ваяры палка імя Каліноўскага «адстойваюць гонар Беларусі на палях баёў ва Ўкраіне», студэнты, якія вучацца па праграме Каліноўскага, — «за партамі ў польскіх унівэрсытэтах», а міжнародныя сябры зьбіраюцца штогод на Форуме Каліноўскага ў Вільні, у Сэйме.
«Ведаеце, у Менску мы зь сям’ёй жылі ў раёне вуліцы Каліноўскага і часта там гулялі, — узгадала Ціханоўская. — Тады мае дзеці былі яшчэ маленькія і ня ведалі, чым знакаміты Каліноўскі. Але нядаўна я расказала старэйшаму гэтую гісторыю пра тое, як адзін маленькі, але вольны душой чалавек змог запаліць іскру народу, каб паўстаць супраць вялікага зла. Нават калі ён трапіў за краты — ён ня здаўся і заставаўся вольным чалавекам. „Ён такі ж, як наш тата!“ — сказаў мой сын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ШЫЗА, ПКТ, «крытая» турма і плёткі пра «нізкі статус». Як рэжым помсьціць Сяргею Ціханоўскаму і ягонаму атачэньнюЯ не магу здрадзіць мары маіх дзяцей вярнуцца дадому і хутчэй абняць бацьку. Мы ня можам здрадзіць тым марам, якія аб’ядноўваюць нас і нашых герояў. Ня можам здрадзіць памяці пра іх. Ня можам і ня маем права не змагацца за свой дом».
160 гадоў таму 22 студзеня пачалося паўстаньня 1863–1964 гг. на тэрыторыі Польшчы. Паўстаньне ў Беларусі і Літве, адным з кіраўнікоў якога быў Кастусь Каліноўскі, пачалося 1 лютага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каліноўскі не пісаў «Зямля наша... называецца літоўская». Графалягічная экспэртыза адкрыла гістарычную сэнсацыю