Як паведамляе агенцтва Reuters, кампанія Google Alphabet Inc скарачае каля 12 тысячаў працоўных месцаў, або 6% сваёй працоўнай сілы.
На ранішніх таргах акцыі Alphabet вырасьлі амаль на 4%.
Скарачэньні адбываюцца ў далікатны момант для амэрыканскай кампаніі, якая доўгі час была лідэрам у ключавых галінах дасьледаваньняў штучнага інтэлекту, адзначае Reuters.
Цяпер Alphabet сутыкаецца з канкурэнцыяй з боку Microsoft. Галіновыя назіральнікі адзначаюць, што так званы генэратыўны штучны інтэлект можа аспрэчыць дамінаваньне Google у інтэрнэце-пошуку пасьля таго, як стартап OpenAI, які падтрымліваецца Microsoft, выпусьціў чат-бота, вядомага як ChatGPT, які можа рэагаваць на запыты падобнымі да чалавечыя адказамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што можа раскрыць усе нашыя паролі і хто такія «лічбавыя блізьняты». 10 тэхналягічных тэндэнцый 2023 году паводле ForbesКампанія Microsoft на гэтым тыдні заявіла, што эканамічныя праблемы таксама вымушаюць яе скараціць 10 тысячаў працоўных месцаў, менш за 5% сваёй працоўнай сілы, але ў далейшым яна будзе сканцэнтраваная на напаўненьні сваіх прадуктаў дадатковым штучным інтэлектам.
Больш за 38 тысячаў супрацоўнікаў ІТ-галіны былі звольненыя толькі сёлета, пасьля таго, як амаль 155 тысячаў страцілі працу ў 2022 годзе. Сярод кампаніяў, якія скарачаюць тысячы работнікаў — Amazon, Meta Platforms Inc і Salesforce Inc.