Іх у эфіры Свабоды Premium абмяркоўваюць культуроляг Максім Жбанкоў і кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін.
Паводле Жбанкова, рэпрэсіі супраць артыстаў — гэта зачыстка публічнай прасторы за тое, што ў 2020 годзе ўлада была страшэнна напалоханая. На яго думку, рэжым існуе ў стане ваенных дзеяньняў супраць народу і патрабуе надзвычайных сродкаў, адным зь якіх стаў «культурніцкі тэрор».
«Гэта прымус для маўчаньня, для гульні ў хованкі, адмовы ад пазыцыі. Кожная таталітарная ўлада, а ўлада ў Беларусі для мяне менавіта такая, успрымае культуру як зброю, як палітычны рэсурс, сродак і інструмэнт палітычнай улады. І таму змаганьне супраць поп-артыстаў мае сваю дзівацкую і дзікунскую лёгіку. Паводле гэтай лёгікі, кожны нязгодны мае свайго гаспадара, замову на антыдзяржаўны акт. І таму змаганьне супраць бяскрыўдных артыстаў — гэта змаганьне супраць варожых уплываў і культурніцкай інтэрвэнцыі. Улада ўспрымае „культурку“ як поле бою», — лічыць Жбанкоў.
На яго думку, сёньня ў Беларусі адбываецца вяртаньне да часоў «культурнага партызанства», калі музычная творчасьць ператвараецца ў падпольную справу, з кансьпірацыяй і сакрэтнымі канцэртамі і культурніцкім тэрорам.
На думку Халезіна, рэпрэсіямі супраць культуры ўлада прадэманстравала, што хутчэй, чым дэмакратычнае крыло грамадзтва, зразумела, што беларуская культура — гэта больш, чым культура.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпявачку Мэрыем Герасіменку асудзілі на тры гады «хатняй хіміі»«І культура гэта прадэманстравала на справе. Постэры Ўладзімера Цэсьлера становяцца маніфэстамі, або калі спэктаклі „Свабоднага тэатру“ нельга не забараніць, або літаратура, якую трэба трактарам укачаць у зямлю. Улады зразумелі, што культура ўжо ня толькі клапоціцца пра сябе, як яны спрабавалі навязаць. Культура стала зьвязваць у адно вельмі розныя плятформы, у адзін канцэпт, і стала дэкляраваць аб’яднаньне, у адрозьненьне ад часткі палітычнага сэгмэнту, частка якога працуе на разьяднаньне. А культура кажа, што мы павінны аб’яднацца ўсе, без размоваў, бо мы стаім перад абліччам вандалаў, і мы гэтых вандалаў павінны ўціхамірыць», — сказаў кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін.
На яго думку, беларускім творцам цяпер неабходна вывучаць дасавецкі і савецкі досьвед, карыстаючыся найноўшымі тэхналёгіямі, а таксама ставіцца да вымушанай эміграцыі як да новых магчымасьцяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню ў Беларусі музычны гурт прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На бацькоў арыштаваных удзельнікаў гурту Litesound таксама завялі крымінальныя справы. У ІЧУ бацька сьпевакоў перанёс інсульт