Апэрацыя прайшла пасьпяхова, пагрозы жыцьцю няма, паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва РИА Новости з спасылкай на прэс-сакратара Назарбаева.
Раніцай 20 студзеня зьявілася інфармацыя аб шпіталізацыі экс-прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева ў кардыяхірургічны цэнтар.
Першапачаткова аб гэтым паведаміў казахстанскі мэдыямэнэджар Аляксандар Аксюціц.
«Мае крыніцы паведамілі, што Нурсултан Назарбаеў шпіталізаваны ў адну зь лякарняў Астаны. Яму праводзяць комплекснае абсьледаваньне сэрца. Мэдпэрсанал гаворыць, што, магчыма, будзе хірургічнае ўмяшаньне», — напісаў Аксюціц на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы ў пятніцу.
Пазьней прэс-сакратара Назарбаева паведаміў, што былы прэзыдэнт Казахстану перанёс апэрацыю на сэрцы пасьпяхова, пагрозы жыцьцю няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нурсултана Назарбаева пазбавілі званьня ганаровага сэнатара- 82-гадовы Нурсултан Назарбаеў пайшоў у адстаўку ў сакавіку 2019 году, але захоўваў значны ўплыў на палітыку краіны. У студзені 2022 году масавыя пратэсты ў буйных гарадах з антыназарбаеўскімі лёзунгамі перарасьлі ў беспарадкі, сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй і арміяй, цэнтральныя ўлады нейкі час ня мелі кантролю над найбуйнейшым горадам Алматы.
- Пасьля гэтага першы прэзыдэнт страціў пазыцыі ва ўладзе. Ягоныя сваякі пакінулі высокія пасады, некаторыя апынуліся пад вартай як падазраваныя ў крадзяжах.
- Улетку 2022 году ў Казахстане прайшоў рэфэрэндум аб папраўках да Канстытуцыі. Зьмены ў Асноўным законе падтрымалі больш за 77% грамадзян. У выніку, сярод іншага, з тэксту Канстытуцыі прыбралі ўсе згадкі пра Назарбаева як лідэра нацыі, ці «елбасы».