«Ёсьць рашэньне Канстытуцыйнага суду, заўтра мы прымем рашэньне аб тым, каб паставіць на страту закон „Аб першым прэзыдэнце — Елбасы“. Пытаньне было па званьні ганаровага сэнатара. Улічваючы, што з Канстытуцыі гэта прыбралі і што закон рыхтуюцца паставіць на страту, званьне „ганаровы сэнатар“ мы прыбралі з нашага рэглямэнту. Усё гэта дзеяньні, якія ажыцьцяўляюцца па выніках агульнанацыянальнага рэфэрэндуму», — прыводзіць яго словы казаская служба Радыё Свабода.
Званьне «ганаровы сэнатар» Нурсултан Назарбаеў атрымаў у чэрвені 2019 году ад сваёй дачкі Дарыгі Назарбаевай, калі тая была сьпікерам Сэнату.
Канстытуцыйны суд Казахстану днём раней прызнаў, што закон «Аб першым прэзыдэнце — Елбасы» страціў сілу. З запытам у Канстытуцыйны суд зьвярнулася група дэпутатаў парлямэнту. У пастанове суду ўказана, што пасьля ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю ў чэрвені 2022 году ў Асноўным законе няма падстаў для захаваньня закону аб першым прэзыдэнце.
Гэты закон гарантаваў першаму прэзыдэнту Казахстану Нурсултану Назарбаеву абсалютны імунітэт ад перасьледу, недатыкальнасьць яго маёмасьці і актываў членаў яго сям’і, прадугледжваў шэраг прывілеяў і фінансаваньне зь бюджэту яго канцылярыі.
Увосень 2022 году ў Казахстане выключылі Дзень першага прэзыдэнта са сьпісу дзяржаўных сьвятаў і перайменавалі сталіцу ў Астану.