— Віталь Портнікаў казаў, што выбары прэзыдэнта РБ 1994 году былі першай пасьпяховай апэрацыяй Крамля. Тады як трактаваць 30 гадоў Лукашэнкі? Можа Беларусь гібрыдна акупаваная ўвесь гэты час? А можа, гэта цягнецца 100 гадоў, савецкая акупацыя, якая на тры гады саступіла, а пасля ўзяла рэванш?
— Портнікаў і вы маеце рацыю. Толькі цягнецца «гэта» ня 100 гадоў, а 200, калі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай пачалася русыфікацыя.
Важней, аднак, што народ выжыў, разьвіў сваю самабытнасьць і ня бачыць для сябе альтэрнатывы дэмакратыі. Маю на ўвазе народ, які ўсьведамляе сябе беларусамі, а ня «тоже русскими» з імпэрскім поглядам на сьвет.
30 гадоў Лукашэнкі — гэта рэванш той самай русыфікацыі.
— Для чаго Лукашэнка нарошчвае прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі?
— Ён зразумеў, што народ перарос яго і рэальнай падтрымкі сярод беларусаў у яго няма, што ягоная ўлада імкліва звужаецца да крэсла дырэктара саўгаса, зь якога ён калісьці стартаваў. А ў саўгасе «твае» людзі — твае галоўныя ворагі і, калі што, ты выклікаеш падтрымку звонку — міліцыі, арміі, Крамля.
Расейскія афіцэры, што расьсяліліся цяпер у Беларусі, адкрыта кажуць: а з чаго вы ўзялі, што мы пойдзем на Ўкраіну? Мы вас прыехалі «усмирять». І, дарэчы, калі яны ўсё ж пойдуць на Ўкраіну, гэтым разам Украіна пагоніць іх назад, у Беларусь. Для дырэктара саўгаса гэта будзе, вядома ж, найгоршы сцэнар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра «масавыя беспарадкі», моўную сытуацыю ў краіне і які народ бліжэй беларусам — армяне ці азэрбайджанцы— Што рабіць, каб наш «добры» ўрад не адціснуў нашу маёмасьць, якую мы вымушаныя былі пакінуць у Беларусі?
— У звычайных умовах можна было б перапісаць маёмасьць на кагосьці ўмоўна «непалітычнага» або прадаць. Але нашы ўмовы незвычайныя.
Вось, напрыклад, «Эстонія зьбіраецца першай у Эўразьвязе перадаць замарожаныя актывы Расеі Ўкраіне». У перакладзе на беларускую сытуацыю гэта выглядала б так. Эўразьвяз мог бы выкарыстоўваць замарожаныя актывы рэжыму Лукашэнкі як страхавы фонд для «адціснутай» у Беларусі маёмасьці тых прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці, што вымушаныя былі пакінуць радзіму.
Думаю, калі працэс «адцісканьня» пачне набіраць сілу, так яно і будзе.
— Чаму Лукашэнка гвалтам вывез Ціханоўскую за мяжу, а цяпер называе яе «зьбеглай», патрабуе вярнуцца і ўчыніў над ёй завочны «суд»?
— Калі ён прайграў выбары і вырашыў скрасьці перамогу, ён разумеў, што народ будзе бараніць свой выбар і таму трэба «аслабіць праціўніка».
У выніку людзі выходзілі не на абарону, а за ідэалы. Выходзілі і сыходзілі. На абарону аб‘екта выбару яны б выйшлі толькі аднойчы, бо бараніць трэба не па суботах, а да канца.
Калі б Ціханоўская заставалася ў Беларусі, верагодна, тут утварыўся б яе штаб і ў краіне на нейкі час запанавала двоеўладзьдзе.
Так, як было ў Літве ў студзені 1991 году, дзе людзі выйшлі бараніць аб’ект свайго выбару — Вярхоўны Савет. І, урэшце, перамаглі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Чаму пакаленьне 70+ жадае аб’яднаньня з Расеяй, пра беларускую нацыянальную ідэю і эўрапейскія каштоўнасьці— Ня хочацца заставацца праваслаўным, калі бачыш, што РПЦ у Беларусі прапаведуе тэрор і вайну, а нязгодныя бацюшкі ў турмах. Што параіце?
— Лічыцца, што выбар царквы — далікатнае пытаньне. І якраз гэтая заслона «прыватнасьці» схіляе царкву служыць такой самай закрытай уладзе і ўслаўляць гвалт.
Ня думаю, што РПЦ зможа стаць нармальнай царквой. Гэта мусіць быць іншая царква.
Асабіста мне з хрысьціянскіх канфэсій найбольш пасуе ўніяцкая, адкрытая і найменш палітызаваная, — самая беларуская, якая і стваралася як свая і якую з прыходам расейскае ўлады ў нас гвалтам замянілі на РПЦ.
Сёньня па аналёгіі з палітычнай культурай, якая ў нас у зародкавым стане, тое самае скажу і пра культуру рэлігійную.
— Раскажыце пра вашы падарожжы. І навошта наогул чалавеку падарожнічаць?
— Па-першае, каб не даверыцца той хлусьні, што ліецца з тэлевізара. Эўропа і ЗША — сапраўды перадавы (а не «загнивающий») сьвет, дзе на першым месцы чалавек, закон і роўныя магчымасьці.
Па-другое, каб убачыць, што ўсе людзі аднолькавыя ў сваіх цнотах і подласьцях — што на Кубе, што ў Віетнаме, што на Занзыбары.
Па-трэцяе, каб паглядзець, чым і як жывуць суседзі і што магло б быць лепей у нас.
Урэшце, сьвет неверагодна прыгожы і навошта нам дадзенае жыцьцё, калі не для таго, каб яго пабачыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра Новы год, «калектыўны Захад» і калі беларусы-уцекачы змогуць вярнуцца дадому— У Расеі апошнім часам здараецца шмат буйных пажараў. Можа гэта праца нязгодных «партызан»?
— Расея занадта размытая, каб такія дывэрсіі там нешта вырашалі. У гісторыі Расея ня мела досьведу дэмакратычнай рэвалюцыі і партызаны там дасягалі хіба што бунту (бессэнсоўнага і бязьлітаснага).
Мне згадваецца, як расейскі «пажар» апісвае Дастаеўскі: «Непомерно веселит русского человека всякая общественная скандальная суматоха».
На маю думку, перамены ў Расею прыйдуць не праз дывэрсіі, а праз пасьляваеннае «прозрение» і адмову ад імпэрства, калі яны зразумеюць, што яны проста адзін з народаў сьвету, роўны зь іншымі.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓ Задайце вашае пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus_bot; Signal: +380502605369
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра найбліжэйшы беларусам народ, тарашкевіцу/наркамаўку і кветкі на магілу Макея ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра «нашу» Вільню, законнасьць першых выбараў прэзыдэнта і ці павінны ўкраінцы ў адказ бамбіць Расею