Яшчэ пару гадоў таму я думала, што цяперашнія дзеці вырастуць больш-менш безь вялікіх нацыянальных траўмаў пакаленьня. Пасьля Другой сусьветнай вайны зьмянілася некалькі пакаленьняў, і нават людзі, якія нарадзіліся ўжо ў незалежнай Беларусі, самі становяцца бацькамі. Але цяпер ясна, што ў гэтага пакаленьня свая катастрофа, і імя ёй — рэжым Лукашэнкі.
Сёньня два гады калёніі прысудзілі Дар’і Лосік. Прысудзілі проста за тое, што яна не мірылася зь несправядлівым зьняволеньнем свайго мужа Ігара. Прысудзілі за тое, што яна не маўчала, а называла рэчы сваімі імёнамі. А яшчэ для таго, каб усе іншыя баяліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’ю Лосік пакаралі 2 гадамі калёніі за інтэрвію пра мужа-палітвязьня. Іхнай дачцэ 4 гадыІ баяцца ёсьць чаго. Турма не дадае ні фізычнага, ні псыхічнага здароўя, руйнуе сацыяльныя сувязі і адрывае чалавека ад сямʼі. А дзяцей пакідае без бацькоў.
4-гадовая дзяўчынка Паўліна часова засталася і бяз таты, і бяз мамы, бо яны цяпер палітзьняволеныя. Як у кожнага дзіцяці, у яе ёсьць свае штодзённыя рытуалы. Ёсьць тое, што яе супакойвае і радуе. Дарʼя дакладна ведала, як дапамагчы дачцэ, калі той было кепска. Ці гэтак жа здолеюць рабіць бабулі і дзядулі, зь якімі цяпер жыве Паўліна? Я ня ведаю. І жахліва ўжо тое, што гэтае пытаньне ўвогуле паўстае.
Тое, што робяць улады Беларусі, — не генацыд як такі, бо пра масавае фізычнае зьнішчэньне людзей гаворка (пакуль што?) не ідзе. Але гэта наўмысны зьдзек з тысяч людзей. І мы можам бясконца супакойваць сябе словамі накшталт «яны нязломныя» і «яны за кратамі свабаднейшыя за тых, хто застаўся на волі». Толькі гэта абсалютна пустыя словы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля 2020 году з краіны выехалі дакладна больш за 100 тысяч чалавек». Эканаміст раіць, што рабіць з дэмаграфічным крызісам у БеларусіАднойчы я брала ў Дарʼі інтэрвію, і яна расказвала, як яе злуюць людзі, якія рамантызуюць той жах, у якім аказваюцца палітвязьні і іх семʼі. Цяпер за кратамі сама Дарʼя. Яна больш ня можа ні адстойваць мужа, ні клапаціцца пра дачку. І гэта катастрофа.
Якія наступствы будуць для маленькай Паўліны і іншых дзяцей, чые бацькі цяпер у турмах? Праз што цяпер праходзяць яны і тыя людзі, якія часова замяняюць ім мамаў і татаў? За кожнай такой гісторыяй стаіць трагедыя цэлай сямʼі — безьліч болю, сьлёз і адчаю. «Сацыяльна арыентаваная дзяржава» цяпер прыносіць дзецям менавіта гэта — боль, сьлёзы і адчай. Дый дарослым таксама.
Я ня ведаю, як можна вярнуць Паўліне і іншым дзецям бесклапотнае дзяцінства, у якім мама сьпявае калыханку перад сном, а тата зранку адводзіць у садок і цалуе ў нос на разьвітаньне. Таксама я ня ведаю, ці будуць пакараныя ўсе людзі, датычныя да рэпрэсій у Беларусі. Але я дужа гэтага хачу.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.